Нескароныя. Гісторыя Слуцкага збройнага чыну
У лістападзе і снежні 1920 года беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказалі супраціў наступаўшым савецкім войскам і паспрабавалі абараніць Случчыну.
У беларускай замежнай літаратуры пра Слуцкі збройны чын 1920 года згадваецца мала. Апублікаваны ўспаміны ўдзельнікаў паўстання ў некаторых беларускіх газетах замежжа. Чатыры старонкі пра паўстанне напісаў Язэп Найдзюк у сваёй кнізе “Беларусь учора і сяньня” (1943 г., перавыдадзена ў 1993 годзе).
Я, захоплены гэтай гістарычнай падзеяй, пачаў пісаць пра яе яшчэ ў 1966 годзе, у тым ліку ў “Энцыклапедыі беларускай ССР”. Праўда, тыя артыкулы, часам і ёмістыя, былі заснаваны на дакументах, якія змяшчаліся ў тагачасным савецкім друку…
Пра Слуцкае паўстанне на аснове польскіх архіваў пісаў беларускі даследчык з Беластока Алег Латышонак. У апошні час на гэту тэму з’явіліся раздзелы ў айчынных выданнях “Старонкі нашай мінуўшчыны” (2009) і “Заходні фронт РФССР 1918—1920” (2010 г.). Выдадзены дакументы ў зборніку “Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах” (2001 г., другое выданне — 2006 г.). А як жа ўсё было на самай справе
Канец савецка-польскай вайны
Падзеі, пра якую ідзе гаворка, папярэднічаў апошні наступ польскіх войск пры заканчэнні расейска-польскай вайны 1919—1920 гадоў. Гэта было пасля разгрому савецкіх войскаў пад Варшавай і заняцця імі тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, у перыяд адступлення дэмаралізаваных войск Чырвонай Арміі.
Пры наступе польскіх войск імі на два-тры дні быў заняты Менск, а 11 кастрычніка — Слуцк. Урэшце 12 кастрычніка 1920 года ў Рызе быў падпісаны дагавор аб перамір’і і папярэдніх умовах міру, паводле якога Расея, не пытаючыся ва ўрада Беларускай ССР, адмаўлялася ад Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны на карысць Польшчы, а Польшча прызнавала ўяўную незалежнасць БССР і УССР.
Дагавор дазваляў польскім войскам наступаць яшчэ шэсць дзён, ужо за лініяй новай дзяржаўнай мяжы, і ў некаторых месцах прасунуцца наперад ажно на 100 кіламетраў ад мяжы. Адступаць польскія войскі павінны былі пасля ратыфікацыі дагавора і абмену ратыфікацыйнымі граматамі паміж Польшчай і Расеяй. Беларуская ССР у гэтым не ўдзельнічала, а яе прадстаўніка А.Чарвякова член расійскай дэлегацыі А.Іофе не дапусціў да перамоў з Польшчай, спасылаючыся на інструкцыю з Масквы.
1-ы партызанскі атрад Беларускай вайсковай камісіі
Пярэдадзень
Слуцк і Слуцкі павет былі тады асяродкамі беларускага нацыянальнага руху. Частка інтэлігенцыі займала актыўныя патрыятычныя пазіцыі. Асноўным чынам Слуцкага паўстання стала беларускае сялянства, якое выступала за незалежнасць сваёй дзяржавы — Беларускай Народнай Рэспублікі.
Польскія войскі павінны былі адступіць за лінію дзяржаўнай мяжы. Толькі ў лістападзе 1920 года яны перадалі цывільную ўладу ў Слуцку і павеце Беларускаму нацыянальнаму камітэту, у якім пераважалі прадстаўнікі партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). У валасцях Слуцкага павета былі ўтвораны адпаведныя беларускія нацыянальныя камітэты, якія замянілі прызначаных польскімі ўладамі войтаў у валасцях і солтысаў у вёсках. Была створана беларуская міліцыя для ахоўвання парадку ў Слуцку і Слуцкім павеце.
Прадстаўнікі беларускіх эсэраў займалі незалежніцкія пазіцыі, упэўненыя, што на іх роднай зямлі не павінны панаваць ні Польшча, ні Расея. Дарэчы, падчас савецка-польскай вайны беларускія эсэры былі саюзнікамі бальшавікоў і разам змагаліся супраць “белапалякаў” (як тады бальшавікі называлі польскае войска). Эсэры вырашылі склікаць з’езд Случчыны, каб устанавіць легальную ўладу. У валасцях павета і ў Слуцку былі праведзены выбары дэлегатаў на з’езд Случчыны.
„Правадыры Слуцкага паўстання” дакументальны фільм з серыі „Нацыянальны пантэон Беларусі”
Пратэст супраць чужацкай улады
З’езд адбыўся ў Слуцку ў вялікай зале дома Эдварда Вайніловіча, фундатара Чырвонага касцёла ў Менску. Сабралася 107 прадстаўнікоў горада і валасцей з правам пастанаўляльнага голасу і 10 — з правам дарадчага.
З’езд пачаўся 14 лістапада а 12-й гадзіне дня і працягваўся да 10 гадзін вечара 15 лістапада. Праходзіў ён ва ўрачыстым духу. Кіравалі з’ездам беларускія эсэры. 14 лістапада дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой віталі найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заявілі катэгарычны пратэст супраць савецкай улады на Беларусі як “чужацкай”. Асноўным зместам рэзалюцыі было рашэнне падняць паўстанне “супраць акупацыі”, за “незалежную Беларусь”.
Першы з’езд Случчыны выбраў Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе 17 чалавек на чале з Уладзімірам Пракулевічам, перадаў ёй цывільную ўладу і даручыў арганізацыю нацыянальнага войска. Рада Случчыны лічылася часовым урадавым органам аж да ўтварэння выбарнага органа на ўсёй Беларусі.
Ад 16 лістапада пачалі сваю дзейнасць Беларуская Рада Случчыны з 17 сяброў і яе прэзідыума (5 чалавек). У складзе Рады было 8 беларускіх эсэраў — У.Пракулевіч, В.Русак ды іншыя. Да іх прымыкалі спачувальцы. Другой групоўкай у Радзе выступалі прыхільнікі генерала С.Булак-Балаховіча — А.Паўлюкевіч, прадстаўнікі “нейтральных груп”.
Першачарговай справай Рады стала фарміраванне войска, дзеля чаго была створана вайсковая тройка з сяброў Рады — Павел Жаўрыд, капітан Анастас Анцыповіч і паручнік Янка Мацэлі, якія спешна пачалі збіраць узброеныя аддзелы. Іншыя сябры Рады займаліся арганізацыяй цывільных устаноў. Такім чынам за некалькі дзён утварылася не толькі аснова беларускага нацыянальнага войска, але і органа дзяржаўнай улады, хай сабе толькі ў межах аднаго павета.
21 лістапада Слуцкая Рада выдала дэкларацыю, якая заклікала сялянства на барацьбу за “незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах” і за “інтарэсы сялянства”.
Сцяг Першага Слуцкага палка
Слуцкая брыгада пры актыўнай патрыятычнай падтрымцы сялян і гараджан літаральна за тры дні з добраахвотнікаў была сфарміравана 1-я Слуцкая брыгада стральцоў Беларускай Народнай Рэспублікі, якая складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Першы полк фарміраваўся ў Слуцку, другі — у мястэчку Грозава (цяпер у Капыльскім раёне). Юнакоў і маладых людзей, якія скончылі Слуцкую гімназію ці мелі іншую адукацыю, набіралі ў беларускую вайсковую школу ў Лідзе, каб мець потым свае афіцэрскія кадры. У пачатку снежня 1920 года туды накіравалі каля 80 чалавек. Абодва палкі ў канцы лістапада 1920 года налічвалі 4 тысячы жаўнераў, у асноўным з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. Аднак зброі было мала — хіба што вінтоўкі, прынесеныя з сабой беларускімі жаўнерамі. Разам з рэзервамі ў брыгадзе налічвалася каля 10 тысяч чалавек. А ў гэты час польскія войскі мусілі адысці за лінію новай мяжы, вызначаную папярэднім мірным дагаворам. 14 лістапада было падпісана спецыяльнае пагадненне паміж польскім і расейскім бакамі аб вывадзе польскіх войск, а сам вывад пачаўся 22 лістапада.
24 лістапада польскія войскі пакінулі Слуцк. 29 лістапада часці Чырвонай Арміі выйшлі на новую дэмаркацыйную лінію: мястэчка Вызна — мястэчка Леніна, заняўшы горад Слуцк. Паміж дзяржаўнай мяжой і дэмаркацыйнай лініяй савецкіх войск да падпісання канчатковага міру з Польшчай ўтваралася 15-кіламетровая нейтральная зона. З польскага боку таксама ўтваралася 15-кіламетровая нейтральная зона. У гэты 30-кіламетровы пас не мелі права заходзіць ні расейскія, ні польскія войскі.
Слуцкая брыгада разам з Радай Случчыны адышла на захад у мястэчка Семежава, якое знаходзілася ў 8 кіламетрах ад лініі мяжы ў савецкай нейтральнай зоне. Тут працягвалася фарміраванне Слуцкай брыгады. Частка зброі была атрымана ад дэзерціраў або ўзята ў баях як трафеі. Ужо ў снежні 1920 годзе Слуцкая брыгада мела 2000 вінтовак і 10 кулямётаў.
Аднак зброі на ўсіх не хапала. Гэта вельмі адбілася на ходзе баявых дзеянняў. Артылерыі ў паўстанцаў зусім не было. Забеспячэнне спачатку дзякуючы добраахвотным ахвяраванням сялян было наладжана добра, але потым, па меры скарачэння тэрыторыі пад кантролем паўстанцаў, пачало пагаршацца.
Брыгада была пяхотнай. Яе абодва палкі падзяліліся на батальёны і роты. У брыгадзе і палках былі свае штабы. У складзе брыгады знаходзіліся таксама конны аддзел, палкавыя абозы і зброевыя майстэрні. Быў яшчэ сфарміраваны асобны ад брыгады аддзел з дзвюх рот. Пры штабе брыгады былі ўтвораны аддзелы разведкі і контрразведкі. Былі разгонуты палявы шпіталь і вайсковы суд.
Такім чынам, за некалькі дзён было створана вайсковае аб’яднанне рэгулярных войск Беларускай Народнай Рэспублікі.
Слуцкі збройны чын
У канцы лістапада 1920 года пачаўся Слуцкі збройны чын — гераічны чын нашага народа ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Першы дзень баёў – 27 лістапада –увайшоў у гісторыю, як дзень герояў. Яму прысвечаны вершы, песні і марш…
Баявыя дзеянні слуцкіх жаўнераў, распачатыя 27 лістапада, скончыліся 28 снежня 1920 года. Ужо ў канцы лістапада 1-ы Слуцкі полк займаў участак фронту ад мястэчка Семежава да мястэчка Вызна працягласцю прыкладна 20 кіламетраў. Ад 27 лістапада падраздзяленні 1-га Слуцкага палка рабілі рэгулярныя налёты на месцы размяшчэння часцей 8-й дывізіі 16-й арміі Заходняга фронту РСФСР, яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі. У наступныя дні паўтараліся безупынныя нападкі і на ўчастку размяшчэння 2-га Грозаўскага палка — на палявыя варты савецкіх часцей, асабліва моцныя на ўчастку Капыль—Цімкавічы—Вызна — ужо працягласцю 60 кіламетраў.
Спачатку камандаванне Чырвонай Арміі не ведала, што яно сутыкнулася з узброенымі сіламі Слуцкай брыгады. У аператыўнай зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі гаварылася пра ваенныя сутычкі з атрадамі С.Булак-Балаховіча, хаця акцыя Балаховіча на Палессі ўжо скончылася. Аднак разведка Чырвонай Арміі дзейнічала недасканала.
Камандаванне 16-й арміі савецкіх войск вырашыла ачысціць нейтральную зону ад слуцкіх жаўнераў, хаця па ўмовах перамір’я ў нейтральную зону, нават на сваёй тэрыторыі, войскі абодвух бакоў заходзіць не мелі права. Аднак польскія вайсковыя ўлады далі дазвол на ўваход савецкіх войск у нейтральную зону на тры дні, пачынаючы з 4 снежня. Аднак карная аперацыя Чырвонай Арміі дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзерціраў і 15 перабежчыкаў…
Камандаванне Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай мясцовага насельніцтва, вывела свае асноўныя сілы з-пад удару чырвоных войск. Тады рэвваенсавет Заходняга фронту ўсклаў кіраўніцтва аперацыяй па барацьбе супраць Слуцкай брыгады на рэвваенсавет 16-й арміі з падначаленнем яму ўсіх аддзелаў унутранай службы, губчэка, асобых аддзелаў і загараджальных атрадаў, якія знаходзіліся ў раёне размяшчэння 16-й савецкай арміі (са штабам у Магілёве).
Толькі ў раёне Семежава частка аддзелаў Слуцкай брыгады была разбіта і 7 снежня перайшла польскую мяжу. Пры тым польскія ваенныя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў з дзвюх рот Слуцкай брыгады. Сама ж брыгада адышла да самай мяжы (на 8 кіламетраў на захад ад Семежава).
У гэты час у кіраўніцтве брыгады рознагалоссі паміж групоўкамі эсэраў і прыхільнікамі С.Булак-Балаховіча прывялі да змены камандавання брыгадай. Камандзір 1-га Слуцкага палка капітан Павел Чайка быў арыштаваны па абвінавачанні ў здрадзе: ён спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакументамі на савецкі бок. Але пры дапамозе свайго сябра паручніка А.Мірановіча — начальніка контрразведкі — П.Чайка здолеў уцячы з-пад арышту ў Слуцк. Там ён быў арыштаваны ўжо савецкімі органамі за здраду савецкай уладзе і па прысудзе “тройкі” асобага аддзела 16-й арміі расстраляны 9 студзеня 1921 года…
Анатоль Змітравіч Крывенка (1942, Менск). “Партрэт капітана Антона Сокал-Кутылоўскага, кіраўніка 1-ай брыгады стральцоў Слуцкага збройнага чыну”. 1996.
Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае пасяджэнне і пастанавіла змяніць камандзіра брыгады і начальніка контрразведкі. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады 3 снежня быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі (раней камандзір 2-га батальёна 1-га Слуцкага палка), а камандзірам 1-га палка — падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, раней камандзір 4-га батальёна гэтага палка. Начальнікам контрразведкі быў прызначаны паручнік Тодар Янушэнка. Камандзіру брыгады Рада Случчыны часова перадала дыктатарскія паўнамоцтвы.
Цяпер штаб Слуцкай брыгады знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, у двух кіламетрах ад ракі Лань у нейтральнай зоне, але ўжо на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы паводле мірнага дагавора. Пасля вяртання савецкіх часцей з нейтральнай зоны на дэмаркацыйную лінію слуцкія жаўнеры вярнуліся на свае пазіцыі і зноў пачалі нападаць на перадавыя часці Чырвонай Арміі.Ваенныя дзеянні працягваліся. Звычайна гэта былі начныя налёты. Так, у ноч на 10 снежня быў зроблены напад на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, у ноч на 12 снежня — на вёску Старынь. Потым аддзелы Слуцкай брыгады зрабілі спробу адцясніць перадавыя часці Чырвонай Арміі з займаемых імі пазіцый.
Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня слуцкія жаўнеры зноў занялі Семежава, але потым з боем адышлі. Штаб Слуцкай брыгады перамясціўся ў вёску Морач (у 20 кіламетрах на захад ад Вызны). У наступных баях у ноч на 18 снежня аддзелы Слуцкай брыгады зноў занялі Семежава, а ў наступную ноч — Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня войскі Чырвонай Арміі пачалі свой наступ. У гэты ж дзень чырвонымі было адбіта мястэчка Вызна. Слуцкія жаўнеры пачалі адыходзіць на захад да вёскі Смолічы (у 10 кіламетрах на захад ад Вызны). 20 снежня яны былі выцеснены да ракі Морач. У той жа дзень чырвоныя выбілі іх і з Семежава.
[Not a valid template]
Штаб Слуцкай брыгады вымушаны быў перабрацца ў вёску Заастравечча (Клецкі раён) каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся падраздзяленні Слуцкай брыгады, у якіх было ўжо мала зброі і боепрыпасаў.
Рада Случчыны прыняла рашэнне аб пераходзе Слуцкай брыгады праз раку Лань. Перад самым пераходам 1-ы Слуцкі полк за ўдзел у баях атрымаў ад Рады палкавы сцяг. На ім быў надпіс: “Першы Слуцкі полк БНР”…
28 снежня 1920 года палкі Слуцкай брыгады перайшлі Лань. Жаўнеры і афіцэры, здаўшы зброю польскім уладам, былі інтэрнаваныя ў часовым лагеры ў мястэчку Сіняўка (Клецкі раён), потым пераведзены ў лагер у Беластоку, а пасля — у Дарагуску. Яны былі вызвалены з лагера толькі ў маі 1921 года, пасля падпісання (сакавік 1921 г.) і ратыфікацыі канчатковага расейска-польскага мірнага дагавора.
Але са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару — асобнымі групамі. …У акрэсе гістарычнага лёсу Беларусі пачатку ХХ стагоддзя Слуцкі збройны чын адыграў значную ролю. Гэта быў патрыятычны выступ беларускага сялянства і інтэлігенцыі ў барацьбе за незалежнасць Бацькаўшчыны, за самастойную дзяржаву з легальнай дэмакратычнай уладай. Ён быў накіраваны супраць ганебнага падзелу тэрыторыі Беларусі паміж Расеяй і Польшчай.
Слуцкія жаўнеры за сціплы тэрмін здолелі ўтварыць баявыя адзінкі беларускага войска, якія, натхнёныя любоўю да Айчыны, здолелі ў неспрыяльных умовах весці цяжкую і напружаную барацьбу супраць больш мацнейшага праціўніка. Аднак у тых абставінах, якія склаліся ў канцы 1920 года, без усялякай дапамогі звонку, пры варожай па сутнасці пазіцыі Польшчы лёс паўстання быў прадвызначаны… Але гэта не змяншае яго значэння. Слуцкі збройны чын 1920 года ўвайшоў у гісторыю як гераічны вычын беларускага народа, яго парыў да свабоды.
Дакументальны фільм „40 дзён сялянскай рэспублікі” (АНТ)
Анатоль Грыцкевіч, „Народная воля”