Неўзабаве абвесцяць імёны лаўрэатаў «Залатога апострафа»
Увечары 24 лютага стануць вядомыя імёны лаўрэатаў прэміі “Залаты апостраф”, якая даецца за найлепшую публікацыю ў часопісе “Дзеяслоў”. Канкурэнцыя сёлета надзвычай высокая, бо рэдакцыя адмовілася ад ранейшай умовы, што лаўрэатам “Залатога апостарафа” можна стаць толькі адзін раз, – кажа галоўны рэдактар “Дзеяслова” Барыс Пятровіч:
— Сярод намінантаў ёсць на прыклад Уладзімір Някляеў, які ўжо атрымліваў прэмію ці Віталь Рыжкоў, які ўжо атрымліваў прэмію за сваю паэзію. Чаму мы на гэта пайшлі? Бо нельга ўсё ж абмяжоўваць творцаў, бо час праходзіць, з’яўляюцца нейкія новыя цікавыя творы ў тых аўтараў, якія раней атрымлівалі прэмію. Таму, варта іх адзначаць незалежна ад таго, былі яны ўзнагароджаныя раней ці не.
Сёлета сярод намінантаў на прэмію такія вядомыя пісьменнікі як Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Алена Брава, Аксана Спрынчан, Віталь Рыжкоў ды іншыя. Таксама сярод намінантаў – прадстаўнік Падляшша – дырэктар беларускага ліцэя ў Бельску Андрэй Сцепанюк.
Урачыстасць адбудзецца ў сталічнай кнігарні “Галіяфы”. Пачатак а 19-й гадзіне.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя