Неверагодныя 107 гадоў Барыса Кіта



Ён быў знаёмы з Драздовічам, Тарашкевічам, Станкевічам і Быкавым, а яго ўласнае імя адзначанае ў амерыканскім Капітоліі. Ён быў сведкам Лютаўскай рэвалюцыі і ўдзельнікам праекта палёту чалавека на Месяц. 

Лютаўская рэвалюцыя і Язэп Драздовіч

Сусветнавядомы беларускі навуковец Барыс Кіт пражыў неверагоднае жыццё, падзей яго хапіла б на некалькі біяграфій. Яно ахапіла 107 гадоў, некалькі рэвалюцый, змены ўладаў і мноства краін. (Дарэчы, цікава, што яго дзядуля таксама пражыў больш за 100 гадоў, працуючы аканомам у сядзібе Храптовічаў.)

Барыс Кіт у дзяцінстве

Барыс нарадзіўся ў сям’і супрацоўніка міністэрства пошты і тэлеграфа. Першыя гады жыцця ён правёў у Пецярбургу і стаў сведкам Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый. На свае вочы хлопец бачыў гістарычныя падзеі ў сталіцы імперыі, дэманстрацыі і агітацыю, гвалт і змаганне за ўладу, смерці і голад. І менавіта ў Пецярбургу пачалося ягонае навучанне: ён паступіў у гімназію імя Пятра Вялікага. Потым сям’я была вымушаная вярнуцца на радзіму бацькі, на Навагрудчыну, дзе Барыс паступіў спачатку ў польскую школу, а праз некалькі гадоў — у Навагрудскую беларускую гімназію. Адметна, што мастацтва там выкладаў славуты Язэп Драздовіч. Пасля гімназіі Барыс Кіт паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, дзе атрымаў ступень магістра матэматыкі. Там жа ён бліжэй пазнаёміўся з мясцовым беларускім асяродкам: Станіславам і Янам Станкевічамі, Беларускім студэнцкім саюзам, беларускай студэнцкай карпарацыяй «Скарынія».

Арышты, Нямеччына і ЗША

Вялікія намаганні Барыс Кіт прыклаў не толькі для ўласнай адукацыі, але і для навучання, асветы іншых. Гэта быў час, калі тэрыторыю Беларусі асабліва актыўна дзялілі войскі і ўрады іншых дзяржаў, а таму пазней Барысу Кіту давялося пацярпець і ад савецкай, і ад польскай, і ад нямецкай акупацыі, яго неаднаразова арыштоўвалі. Так, ён быў спачатку выкладчыкам, а пазней дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі.

У 1939 годзе, шмат у чым па палітычных матывах, ён быў вымушаны вярнуцца на Наваградчыну. Там ён здолеў дамагчыся, каб дзейнасць мясцовай гімназіі, якую закрылі польскія ўлады, аднавілі, і стаў яе дырэктарам. Пазней яго прызначылі інспектарам раёна, і дзякуючы яму было адкрытае мноства пачатковых і базавых школ, сярэдніх навучальных устаноў.

Пасведчанне настаўніка матэматыкі дзяржаўнай гімназіі ў Вільні, 1935 год

Падчас вайны, нягледзячы на арышт і пагрозу расстрэлу немцамі, Барыс Кіт працягваў сваю дзейнасць пад акупацыяй. Выкладаў у Баранавіцкім педагагічным каледжы, заснаваў і стаў дырэктарам Гандлёва-адміністрацыйнай школы ў Маладэчне.

У 1944 годзе, ужо праз пагрозу з боку савецкіх уладаў, ён быў вымушаны разам з сям’ёй эміграваць у Нямеччыну. Там ён выкладаў матэматыку ў гімназіі і адначасова вывучаў медыцыну ва ўніверсітэце імя Людвіка Максімільяна. Але ўжо ў 1948-м, калі з’явілася магчымасць, Барыс Кіт ва ўзросце трыццаці васьмі гадоў пераехаў на сталае жыццё ў ЗША.

Амерыканскія міністэрствы і палёт на Месяц

Першыя гады ў ЗША — спачатку ў Саўт-Рыверы, а пазней у Лос-Анжэлесе — Барыс Кіт працаваў на фабрыцы тэлевізараў і фармацэўтычных фабрыках. Акрамя гэтага ён дапамагаў пераязджаць сваім суайчыннікам. Так, дзякуючы яму ў гэты перыяд з Нямеччыны здолела пераехаць каля трохсот беларускіх сем’яў, а ў Саўт-Рыверы ўтварылася беларуская супольнасць.

Неўзабаве для яго адкрылася новая сфера. Дзякуючы рэкамендацыі польскага прафесара яго ўзялі на працу ў кампанію North American Aviation, дзе Кіт пачаў сваю дзейнасць у галіне астранаўтыкі і касмічных даследаванняў. А пазней у Вашынгтоне яму давялося папрацаваць у чатырох амерыканскіх міністэрствах, у тым ліку ў міністэрстве паветраных сіл ЗША і міністэрстве камунікацый.

Барыс Кіт – прафесар Вашынгтонскага Мэрылендскага ўніверсітэта, 1983 год

Нярэдка адзначаюць, што даследчыцкая праца Барыса Кіта ў пэўным сэнсе стала рэвалюцыйнай для астранаўтыкі, а ён быў адным з тых, дзякуючы каму першы чалавек выправіўся на месяц. Так, Кіт займаўся праектамі Navaho (міжкантынентальная ракетная сістэма), Apollo (палёт на Месяц), амерыканскага касмічнага карабля Shuttle. Распрацоўваў праект выкарыстання топкага вадароду ў якасці ракетнага паліва, зрабіў разлікі траекторыі палёту на Месяц, займаўся распрацоўкай сістэм сувязі касмічных караблёў і многім іншым.

Дзяржаўны дарадца і Васіль Быкаў

Варта адзначыць, што Барыс Кіт таксама працаваў дзяржаўным дарадцам і экспертам па развіцці міжнароднай касманаўтыкі. Акрамя таго, ён напісаў першы ў гісторыі навукі падручнік пра паліва для ракетных сістэм. У ЗША акрамя навуковай дзейнасці ён таксама выкладаў у Мэрылэндскім ўніверсітэце. Вядомы навуковец выступаў з лекцыямі па ўсім свеце, у прыватнасці ў Канадзе, Мексіцы, Іспаніі, Нарвегіі, нават у Індыі і Японіі.

У 1972 годзе Барыс Кіт вярнуўся ў Еўропу, у Нямеччыну, дзе выкладаў у еўрапейскім філіяле Мэрылэндскага ўніверсітэта і славутым Гейдэльбергскім ўніверсітэце. Барыс Кіт стаў адным з найбольш славутых у свеце беларусаў. Адметна, што, нягледзячы на неверагодны поспех і жыццё па-за межамі радзімы, ён заўсёды падкрэсліваў сваё беларускае паходжанне і заўсёды намагаўся спрыяць беларускай справе. Так, ён спрыяў арганізацыі Беларускага музея ў Ляймене, выданню беларускіх кніг, беларускаму радыё ў Аўстраліі, шукаў фінансаванне для стварэння ў Беларусі нацыянальнага ўніверсітэта. А ў пачатку 2000-х Кіт пазнаёміўся і пасябраваў з Васілём Быкавым, які гэтаксама быў вымушаны пакінуць Беларусь (па стане здароўя, але яшчэ і з палітычных прычын) і з якім Кіт меў літаратурную супрацу.

Барыс Кіт памёр у 2018 годзе ва ўзросце 107 гадоў у Франкфурце-на-Майне.

Кірыл Стаселька, budzma.by