Невядомы патрыятычны верш Самсона Пярловіча
Паэт з Наваградка Самсон Пярловіч (1923-2001) быў чалавекам з нялёгкім лёсам патрыёта і пакутніка за Беларусь.
Гітлераўскія і сталінскія лагеры, якія ён прайшоў, не знішчылі ў ім сумлення, любові да беларускай зямлі і да роднага слова. За прынадлежнасць да падпольнай патрыятычнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі” Самсон Пярловіч быў засуджаны на 10 гадоў.
Пры арышце ў яго быў знойдзены верш “Паднімецца крыўда”, за які з менскай “амерыканкі” Самсона Пярловіча вадзілі пад канвоем да самога міністра дзяржаўнай бяспекі БССР Цанавы. Вельмі ж таму хацелася пабачыць юнака, які пасмеў узняць голас супраць Сталіна і ягоных катаў.
У 1956 годзе Самсон Пярловіч вярнуўся са сталінскіх лагераў у Наваградак, працаваў і пісаў вершы. Пры жыцці выдаў тры зборнікі сваіх паэтычных твораў. У 2019 годзе гарадзенскае выдавецтва “БігДрым” выдала яго кнігу твораў “Такі непаўторны сусвет”. Але сярод усіх напісаных паэтычных радкоў Самсона Пярловіча, верша “Яднайцеся ў БНФ” не было. Хаця ён напісаўся аўтарам у 1996-1997 гадах, калі ўжо адчувалася, што ў Беларусі пакрысе згортваюцца праявы дэмакратычных свабод. Гэта вельмі турбавала Самсона Пярловіча. Ён тады адгукнуўся вершам, які пакуль нідзе не друкаваўся.
Верш нядаўна журналісту Беларускага Радыё Рацыя перадаў адзін са старэйшых наваградскіх журналістаў. Дарэчы, верш вельмі актуальны і сёння.
Яднайцеся ў БНФ
Каб ратаваць ад злыдняў шкодных
Нам у покуце родны край,
У Беларускі Фронт Народны
З душою шчыраю ўступай!
Даўночаканую Свабоду
Народны Фронт для ўсіх нясе.
Сваёй зямлі, свайму народу
Нарэшце паслужыце ўсе!
Як паважалі, паважайце
Краіны ўсе і ўсіх людзей,
А Беларусі вы аддайце
І сэрцы са сваіх грудзей.
Ёй дайце сэрцы, з воляй Божай
Бяду Чарнобыля пазбыць.
Ёй дайце сэрцы, і мы зможам
І шчасце для сябе здабыць.
Адкіньце прэч усе сумненні!
Рашучасцю гартуйце дух!
Святую справу Адраджэння
Няхай вядзе магутны рух!
За лідэрам, як за прарокам,
Ідзіце! Вас жыццё заве.
Пад непахісным вашым крокам
Прастор змярцвелы ажыве.
Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя