Невядомы здымак з Караткевічам і Брылём
У сямейным архіве дзядулі і бабулі Мікалая і Ганны Бурсевічаў сланімчанкі Наталлі Валюкевіч шмат гадоў захоўваўся рэдкі калектыўны здымак.
Справа ў тым, што ў канцы 1920-х гадоў Мікалай Бурсевіч вучыўся ў Віленскай і Клецкай беларускіх гімназіях, але за палітычныя школьныя забастоўкі быў выключаны з гімназій. А ў 1930-х гадах Мікалай Бурсевіч за рэвалюцыйную дзейнасць сядзеў у многіх польскіх турмах. У тыя віленскія гады ён пазнаёміўся і сябраваў з Валянцінам Таўлаем, Максімам Танкам, Рыгорам Шырмам, Піліпап Пестраком, Янкам Брылём і іншымі вядомымі асобамі.
Пасля вайны ўсе заходнебеларускія хлопцы не забывалі адзін аднаго, бывалі ў гасцях, ліставаліся. Здымак, які сёння ўпершыню публікуецца, быў зроблены ў Слоніме дзесьці ў 1960-х гадах. У Слонім да Мікалая і Ганны Бурсевічаў завіталі Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч. Уладзімір Караткевіч з кнігай і папяросай стаіць крайні злева, побач з ім былы старшыня Слонімскага райвыканкама Іван Дабрыян з жонкай, якая глядзіць на яго. Побач з Іванам Дабрыянам стаіць Мікалай Бурсевіч, потым – Янка Брыль. Перад Янкам Брылём – жонка Мікалая Бурсевіча Ганна.
Відаць, вандруючы па Беларусі, Янка Брыль і Уладзімір Караткевіч заехалі ў Слонім да Мікалая Бурсевіча, які іх шчыра частаваў, і разам яны гутарылі пра тых агульных сяброў, якіх ведалі.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя