Незабытыя галасы
29 кастрычніка 1937 года, 81 год таму, былі расстраляныя больш за сто дзеячаў беларускай культуры, навукі, палітыкі, што дае падставу лічыць яго правадзейным Днём памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ужо традыцыйна менавіта ў гэты дзень ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў” запрашае ўспомніць выкрасленыя, але незабытыя імёны нашай літаратуры, прыгадаць добрым словам гэтых пісьменнікаў, разгарнуць іх кнігі, перачытаць творы. Каб тое, што адбылося ў 1930-я гады, заўсёды заставалася ў нашай памяці.
29 кастрычніка мы запрашаем усіх аматараў беларускага пісьменства ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. А 18.30, у дзень памяці ахвяр палітычнага тэрору, там пройдуць літаратурныя чытанні. Прагучаць паэтычныя і празаічныя творы Анатоля Вольнага, Платона Галавача, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўкі, Алеся Дудара, Уладзіміра Жылкі, Міхася Зарэцкага, Мойшэ Кульбака, Тодара Кляшторнага, Юркі Лявоннага, Валерыя Маракова, Міхася Чарота і многіх іншых. Творы прачытаюць вядомыя беларускія пісьменнікі і пісьменніцы, перакладчыкі, крытыкі, публіцысты, дзеячы культуры.
Месца: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. Багдановіча, 13)
Час: 18.30
Уваход вольны.