Незабыўны Алесь Касцень. 65 год з Дня народзінаў



 65 год мінула з Дня народзінаў вядомага і таленавітага журналіста, пісьменніка і краязнаўцы з Паставаў Алеся Касценя.

Ён супрацоўнічаў з газетамі “Звязда”, “Пастаўскі край”, “Народная воля”, “Вольнае Глыбокае”. Ужо 11 год як няма Алеся Касценя на гэтым свеце, але памяць пра яго засталася ў сэрцах яго калегаў, чытачоў і выдаўцоў.

Калегу-журналіста ўзгадвае рэдактар газеты ”Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун:

– Ён пакінуў уражанне чалавека энцыклапедычных ведаў. Ён ведаў і сусветную міфалогію, і беларускую міфалогію, ведаў гісторыю Беларусі і ўсяго свету. У нас ён працаваў і рэдактарам, і карэктарам, і стыль-рэдактарам. Так заўсёды бывае, калі газета робіцца невялікім калектывам.

Як кажа выдавец і краязнаўца Міхась Гіль з Паставаў, з Алесем Касцянём ён знаёмы з дзяцінства, разам яны шмат чаго зрабілі на карысць грамадства. Але больш за ўсё людзям ён запомніўся як таленавіты пісьменнік і журналіст.

– Вершы ў яго цудоўныя былі, моцныя. Па прозе, дык і казаць няма чаго. Проза наймацнейшая ягоная была сярод пастаўскіх літаратараў. Ён майстар быў кароткіх апавяданняў, невялікіх навэл, пра вясковае жыццё асабліва. Напэўна ў вобласці лепш ніхто не пісаў.

На фота: Алесь Касцень падчас працы ў рэдакцыі газеты “Вольнае Глыбокае”.

У Паставах, дзе жыў і працаваў апошнім часам Алесь Касцень, 23 красавіка павінна была адбыцца імпрэза ў яго гонар. На ёй грамадскія дзеячы меліся прэзентаваць новы зборнік Алеся Касцяня, але ў сувязі з пандэміяй каронавірусу мерапрыемства вырашылі перанесці на канец лета.

Цалкам матэрыял:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя