Незалежны тэатр “Сярод людзей” займеў памяшканне



Новы незалежны тэатр у Гомелі “Сярод людзей” займеў памяшканне. Цяпер ён мае залу на пяцьдзясят чалавек. Стварыла тэатр колішняя дырэктарка Гомельскага маладзёжнага тэатру Зоя Пархамчук, якая працуе пад псеўданімам Зоя Гарына.

Пасля таго, як гомельскія чыноўнікі звольнілі дырэктарку тэатра, акцёры «маладзёжкі» ў знак пратэсту сышлі з трупы. Новы тэатр “Сярод людзей” падрыхтаваў для гледачоў два сюрпрызы: займеў памяшканне і стаў рэпертуарным. Пра гэта распавяла Зоя Гарына:

– Я была некаторы час дырэктаркай маладзёжнага тэатру, але ж не склалася ў мяне з уладай. Зараз у мяне гэты тэатр, які называецца тэатр “Сярод людзей”. Ён зроблены на манер французскага народнага тэатру – тэатру без сцен. Хоць на дадзены момант сцены мы ўжо маем. Гэта добрая зала, дзе пастаўленыя крэслы, і там я буду рабіць нармальны рэпертуарны тэатр.

Зоя Гарына была дырэктаркай Маладзёжнага тэатра паўгода. За гэты час тэатр паказаў некалькі гучных прэм’ераў. Не абышлося  і без скандалаў. Так, гомельскім чыноўнікам не спадабалася афіша аднаго са спектакляў. Ідэалагічны аддзел палічыў выяву на афішы занадта змрочнай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота tut.by