Незалежныя «Купалаўцы» абвясцілі прэм’еру першага спектакля другога сезона



Спектакль «Запіскі афіцэра чырвонай арміі» паставіў Мікалай Пінігін паводле аднайменнага раману Сяргея Пясецкага.

Спектакль паставіў Мікалай Пінігін, а сыгралі акцёры з тэатральнай трупы «Купалаўцы». Праект створаны пры падтрымцы Інстытута імя Адама Міцкевіча. Прэм’ера адбудзецца 4-га снежня ў Кракаве на фестывалі “Боская камедыя”, расказвае акторка-купалаўка Крысціна Дробыш:

– Увогуле, як трупы, гістарычны 102-і сезон, другі сезон – у якасці незалежнай групы “Купалаўцы”. Пачалі сезон у верасні праектам “Наўпрост”. У гэтым сезоне першы спектакль – такі вялізны праект – класічны, не класічны, складана сказаць. Але чым яшчэ адметная прэм’ера. Яна адбудзецца на сцэне. Гэта будзе афлайн. Мы сыграем у Кракаве ў рамках фестывалю  “Боская камедыя”.

А вось беларускія гледачы пабачыць спектакль анлайн у наступным годзе. 13 студзеня 2022 года, пад стары Новы год, купалаўцы запрашаюць на анлайн-прэм’еру спектакля “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” на ютуб-канале “Купалаўцы”. Акторы працягваюць традыцыю, якая запачаткавалася ў сцэнах дзяржаўнага тэатра – сустракацца ў гэты час і рабіць падарункі.

У ролях: Андрэй Дробыш, Зоя Белахвосцік, Алеся Бельская, Мікалай Кучыц, Валянціна Гарцуева, Ігар Сігаў, Віктар Манаеў, Андрэй Градабоеў, Сяргей Чуб. Ролі Сталіна і Гітлера сыграюць Аляксандр Паўлаў і Аляксандр Зелянко.

Цалкам размова ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя