Незгасальнае святло купалаўскіх скарбаў
Пад такім назовам у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылося адкрыццё рарытэтнай экспазіцыі з Вялікакракоцкай бібліятэкі імя Янкі Купалы Слонімскага раёна.
У 1927 годзе ў вёсцы Вялікая Кракотка вясковай моладдзю была створана і адкрыта сельская бібліятэка імя Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры Беларусі, якой было нададзена імя Песняра беларускага народа. Бібліятэка праіснавала 80 гадоў. Яна перажыла ўсе войны, рэпрэсіі, калектывізацыю, савецкі час, а вось сённяшні час знакамітая Купалаўская бібліятэка перажыць не змагла – яе ліквідавалі. Бібліятэку ў Вялікай Кракотцы ў свой час наведалі амаль ўсе беларускія пісьменнікі, некалькі разоў у бібліятэцы гасціла жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч.
Экспанаты з Вялікакракоцкай сельскай бібліятэкі імя Янкі Купалы цяпер захоўваюцца ў музеі беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі. Там, у музеі, і была адкрыта экспазіцыя. Яна складаецца з кніг з аўтографамі, фотаздымкаў, граматаў, пажаданняў, альбомаў, розных цікавых рэчаў – усё, што было ў Вялікакракоцкай бібліятэцы і што ёй падаравалі госці і наведвальнікі за ўсю гісторыю яе існавання.
[Not a valid template]
Пра новую экспазіцыю цікава распавядала супрацоўніца бібліятэкі Алена Міско. А пісьменнік Сяргей Чыгрын прыгадаў той час, калі ён з паэтам Анатолем Іверсам наведваў бібліятэку і сустракаўся з яе загадчыкам Аляксандрам Жыткевічам, якога шчыра паважала і шанавала Уладзіслава Луцэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім