Незвычайная гісторыя карціны Язэпа Драздовіча
Сярод карцін Язэпа Драздовіча, выстаўленых на вялікай экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім да 130-годдзя гэтага ўнікальнага творцы, ёсць і вось гэтая поўная гумару работа:
Называецца яна «Як мужык з панам цягаецца». На ёй тоўсты пан з гіганцкім кашалём стараецца забраць у сівога мужыка апошнюю рагульку. А на заднім плане — раскошны панскі дом.
Язэп сын Нарцыза Драздовіч — унікальны мастак. Ён маляваў касмаганічныя, сюррэалістычныя творы і, паралельна, камічныя. Ён выкладаў у найлепшых гімназіях свайго часу, а ў савецкі час скончыў жыццё, зарабляючы маляваннем дываноў сялянам. І памёр на дарозе. Так ён і выяўлены «вечным вандроўнікам» на помніку ў сталіцы, у Траецкім прадмесці.
Мастак Алесь Марачкін упершыню пачуў пра дзядзьку Язэпа ад Яўгена Куліка. Той часта заходзіў да сябра ў майстэрню, якая месцілася ў школе на вуліцы Суворава. Пабачыўшы зімовы пейзаж сярод іншых твораў, Яўген Кулік усклікнуў: «Дык гэта ж як у Язэпа Драздовіча!» Потым пра дзісенскага генія Марачкіну распавялі Арсень Ліс і Зянон Пазняк.
Аднойчы, калі быў на радзіме жонкі на Глыбоччыне, Марачкін пазнаёміўся на кірмашы з мясцовым доктарам. Той аказаўся інтэлігент, знаўца. Стаў гаварыць: «Ты ведаеш, мастача, што гэтымі сцежкамі хадзіў Язэп Драздовіч? Ён маляваў тут, і людзі яго памятаюць».
«Мяне нібы токам ударыла, — успамінае Марачкін. — У той жа дзень я сеў на ровар і паімчаў у Верацеі, за тры кіламетры ад Лужкоў. Забег у адну хату, другую… Пытаўся пра Язэпа Драздовіча», — кажа Марачкін.
Адна кабета пацвердзіла: быў такі дзівак… Гарапашнік! Не меў ні хаткі ні лапаткі. Хадзіў па вёсках, маляваў за хлеб і прытулак. І ў яе начаваў.
Унук гаспадыні прыцягнуў з гарышча запыленае палатно «Як мужык з панам цягаецца».
Марачкін ледзь не самлеў, так уразіўся карцінай.
Сатырычны твор. Жанчына расказала: калі выстаўляла пры Польшчы, войт, які зайшоў у хату, загадаў зняць. Гэта ж карыкатура на паноў! Зняла. У 39-м прыйшлі Саветы. Яна павесіла карціну зноў. Але бальшавікам таксама палатно не спадабалася. Мужык жа з панам цягаецца на тле палаца Плятэраў. А яго забралі камуністы і стварылі кантору. Там засядала начальства. То выйшла ўжо карыкатура на новае начальства. Прыйшлі немцы, жанчына зноў дастала палатно. То гэтыя ўжо проста пасмяяліся, пагергеталі, сказалі, што карціна — гут.
Гэтую работу Марачкін прыдбаў. А пасля яе ў яго выкупіў Мастацкі фонд. Грошы пайшлі на помнік Язэпу Драздовічу. Карціна ж сёння знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Полацкай карціннай галерэі.
Алена Гушча