Незвычайны помнік Сяргею Пясецкаму адкрыюць на „Ракаўскім фэсце”
Незвычайны помнік у гонар польскага пісьменніка беларускага паходжання Сяргея Пясецкага адкрыюць на IV фестывалі „Ракаўскі фэст”, які адбудзецца 25 жніўня ў аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Сяргей Пясецкі, вядомы авантурыст мінулага стагоддзя, нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах. Яго жыццё было напоўнена мноствам яркіх падзей, звязаных з вайной і рэвалюцыяй. Адзін з перыядаў звязаны з прымежным на той час Ракавам, дзе ён займаўся кантрабандай і адначасна шпіянажам на карысць польскага боку. У далейшым за разбойны напад Сяргей Пясецкі трапіў у Польшчы ў турму, дзе павінен быў правесці 15 гадоў. Там ён напісаў аўтабіяграфічны раман „Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, тыраж якой разышоўся за некалькі тыдняў. Дзякуючы нечаканай папулярнасці пісьменнік выйшаў на свабоду датэрмінова ў 1937 годзе.
Раман прысвечаны жыццю кантрабандыстаў на польска-савецкім памежжы, дзеянне разгортваецца ў Ракаве. У аграгарадку вырашылі ўвекавечыць памяць пісьменніка, які сваёй творчасцю зрабіў Ракаў вядомым ва ўсім свеце. Па словах арганізатараў, на камені ўсталююць мемарыяльную дошку, на якой будзе намалявана сузор’е Вялікай Мядзведзіцы – уначы яно будзе свяціцца.
Саму дошку прымацуюць так, каб яна была накіравана на поўнач. Разгледзець таблічку можна будзе з абсталяванай невялікай пляцоўкі, размешчанай такім чынам, каб уначы прама над сабой можна было ўбачыць само сузор’е.
Таксама па матывах твора быў распрацаваны квэст „Сцежкамі кантрабандыстаў”, дзякуючы якому кожны госць фестывалю зможа перанесціся ў 1930-я і сустрэцца з героямі рамана.