Нобелеўская лекцыя пад каву
Дзе ў Менску паглядзець прамову першай беларускай набелісткі, ды каб у цёплай кампаніі? Незацікаўленасць беларускіх тэлеканалаў у прамой трансляцыі са Стакгольму падштурхнула да крэатыву кавярні, бары ды кніжныя крамы. У прыватнасці, кнігарня “логвінаЎ” зладзіць паказ у суседнім бары “Ў”. Адміністратар Аляксей прызнаўся, што чакае вялікую колькасьць наведнікаў не толькі сёння, але і 10 снежня падчас цырымоніі ўзнагароджання.
– Ідэя з’явілася пасля гарачых абмеркаванняў у сацыяльных сетках. Ідэя непасрэдна звязана з тым, што дзяржаўныя тэлеканалы адмовіліся трансляваць уручэнне прэміі. Магчыма мы зробім у чацвер штосьці такое, як “Нобелеўскі келіх” або “Нобелеўскі прыз”.
Акрамя “У нескладовага”, менчукі могуць паглядзець першую беларускую нобелеўскую лекцыю ў кнігарні “Галіяфы”, у Арт-Сядзібе, у бізнэс-клубе Імагугу, у арт-прасторах ЦЭХ і “Хто такі Джон Голт” ды іншых прыватных кропках. Пачатак трансляцыі а 19-30.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота news.tut.by