Ноч музеяў у Глыбокім



У Глыбокім прайшла сёмая па ліку Ноч музеяў. Яна ладзіцца на тэрыторыі гісторыка-этнаграфічнага музея штогод з 2013 года. У гэты дзень удзельнікі імпрэзы бясплатна наведваюць экспазіцыі музея ды музейную гасцёўню. Сёлета падчас мерапрыемства адбыўся рэтра-канцэрт, майстар-клас па вырабу беларускіх лялек, конкурс касплэй-кіно (касцюмаваная гульня), медыяазбука, прысвечаная году малой радзімы.

Як кажа дырэктар Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Алена Мядзелец, сёлета яны вырашылі зрабіць музейную ноч пад дэвізам: усе пакаленні да нас у музей!

Кожны год мы стараемся прыдумаць праграму, якая б адлюстроўвала нейкую падзею, якая адбываецца ці ў раёне, ці ў рэспубліцы, ці ў нашай вобласці. І стараемся, каб гэта праграма была агульнацікавай і для моладзі, і для малышоў, і для больш старэйшага пакалення.

Па словах наведвальнікаў, ім спадабалася шмат пунктаў праграмы. Але некаторыя з іх хацелі б, каб на імпрэзе гучала і беларуская мова.

Я б хацела нават. Але праблема ў мяне самой у тым, што я беларускую мову добра разумею, але не маю моўнай практыкі. Перапісваюся добра, у мяне ёсць з кім перапісвацца на беларускай мове. І я сама, хоць і не беларуска, але беларускую мову ведаю. І хацелася б, каб і на беларускай мове было таксама.

Скончылася Ноч музеяў у Глыбокім псіхалагічна-ролевай гульнёй “Мафія ў Глыбокім” і праглядам гістарычнага кіно “Знахар”. Ён зняты па раману пісьменніка Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, які нарадзіўся ў Глыбоцкім раёне.

Таксама падчас мерапрыемства прысутныя знаёміліся з выставай старой мотатэхнікі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі