Ноч музеяў у Паўночных Афінах



У Залессі на Смаргоншчыне прайшла “Ноч музеяў”.

Упершыню музей-сядзіба М. К. Агінскага сабрала сваіх сяброў менавіта ўначы: праграма доўжылася да 3 гадзін раніцы, а распачалося мерапрыемства на адноўленых мастах ля возера.

Адной з цікавостак “Ночы музеяў” стала прэзентацыя выставачнага праекта Пятра Карвэцкага “Гісторыя роду Агінскіх у дакументах”, падчас якой былі прадстаўлены копіі дакументаў з асабістай калекцыі аматара гісторыі, падарожніка і краязнаўцы.

 

Спадар Карвэцкі жыве ў Польшчы, ля Варшавы, але ўжо больш 10 год цікавіцца Беларуссю, гісторыяй свайго роду і гісторыяй Смаргоншчыны.

— Увесь мой род па лініі бацькі паходзіць з Беларусі, з вёскі Асіпаны (былы Ашмянскі павет) на Смаргоншчыне. Пасля другой сусветнай вайны, у 1945 годзе, бацька пераехаў у Польшчу. Гэта былі няпростыя, цяжкія часы… Пра многія рэчы не прынята было гаварыць. І ў мяне не было часу, каб распытаць бацьку пра гісторыю сям’і: яго не стала, калі мне было толькі 6 год… Прайшло шмат год, я сам прыехаў у Асіпаны – знайшоў родных, убачыў могілкі продкаў, мне гэтага было мала…

Пачаў шукаць звесткі ў архівах (Менск, Гародня, Вільня, Пскоў, Санкт-Пецярбург), каб ведаць гісторыю свайго роду ды перадаць яе сваім – ужо дарослым – дзецям. Пачаў цікавіцца нашымі каранямі – пачаў цікавіцца гісторыяй Смаргоншчыны і ўвогуле беларускай зямлі – тых мясцінаў, дзе 400 год жылі мае продкі. Так нарадзілася маё захапленне калекцыянаваннем і краязнаўствам. Гісторыя – маё жыццё цяпер!

Крыху пазней Пётр Карвэцкі зацікавіўся і гісторыяй роду князёў Агінскіх.

— Агінскі – знакавая асоба для гэтай зямлі, ёсць версія, што менавіта ён аўтар польскага гімна “Мазурка Дамброўскага” – я не мог ёй не захапіцца. Пачаў набываць дакументы, звязаныя з Міхалам Клеафасам і  родам Агінскіх, калекцыянаваць іх. Залессе, Смаргоншчына – месца сімвалічнае. Я гляджу на гэту зямлю і адчуваю гісторыю Рэчы Паспалітай, Вялікага княства Літоўскага… 

Яшчэ адно маё захапленне – падарожжы. Аднойчы ў гарах Албаніі мы з жонкай прыпыніліся ля старога касцёла, рыхтавалі ежу і слухалі музыку Агінскага. Побач сталі галандцы і мы з імі цудоўна паразмаўлялі. Дарога заўжды дорыць сустрэчы з цікавымі людзьмі.

“Ноч музеяў” у Залессі была дапоўнена музычным салонам у летняй аранжарэі маёнтка і майстар-класам па танцах 19 ст., які з унутранага дворыка быў перанесены ў сцены палаца: пахаладанне скарэктавала планы музейшчыкаў.

Дар’я Ліс для Беларускага радыё Рацыя, Смаргонскі раён

Фота аўтара