“Ноч музеяў” у Паўночных Афінах
У Залессі на Смаргоншчыне ўжо традыцыйна прайшла “Ноч музеяў”. Імпрэза распачалася ва ўтульным унутраным дворыку музея-сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага.
Адной з фішак “Ночы музеяў” стаў канцэрт ансамбля “Бліскавіца” Залескай музычнай школы. Пазней удала ўзяты першы акорд мерапрыемства працягнулі лекцыя-паказ “Ажыўшыя вобразы” (гістарычныя касцюмы XVI–XIX ст. прэзентавалі выкладчыкі і студэнты БДПУ імя Максіма Танка), тэатралізаваная прэзентацыя мемуараў Агінскага, канцэрт “Музыка скрозь час” і танцавальны флэш-моб “Ад паланеза да Contemporary”.
“Ноч музеяў-2019” у Залессі была дапоўнена шыкоўным травеньскім надвор’ем, адсутнасцю камароў і смачнымі круасанамі, якіх, здаецца, хапіла ўсім жадаючым. Па праўдзе, гасцей сёлета было няшмат, але такая камерная атмасфера мае свой шарм.
Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя, Смаргонскі раён