“Ноч музеяў” у Віцебску: бясплатна і за грошы
Усяго 6 музейных устаноў абласнога цэнтра абвясцілі пра ўдзел у штогадовай акцыі. І толькі частка з іх не здрадзіла традыцыі, што прагляд экспазіцый падчас “музейнай ночы” – бясплатны.
Між тым, гэтая традыцыя мае асабліва вельмі важнае значэнне ў сённяшніх варунках, лічыць віцебскі калекцыянер Вадзім Кузьмін.
– Я вельмі люблю музеі, выставы. Але ў нас цяжкая сітуацыя, у якую Лукашэнка нас заводзіць. І людзям, выбачайце, можа, і зусім не да музеяў. Бо квіткі там па 5, па 6 рублёў. Многія не пацягнуць. І тут ёсць такая магчымасць – “Ноч музеяў”, каб усё паглядзець, нешта новае даведацца. Гэта такое невялічкае свята. Хацелася б, каб такія святы рабіліся. Гэта для народа, разумееце?
“Ноч музеяў” у Віцебску праходзіць 17 і 18 траўня. Частка музейных устаноў зрабілі бясплатнымі толькі вулічныя імпрэзы. Так, абласны краязнаўчы музей запрасіў задарма паглядзець танцавальную кампазіцыю, перш чым набываць квіткі па 5 рублёў і заходзіць у памяшканне. У звычайны дзень паглядзець тутэйшыя экспазіцыі можна за 5 з паловай рублёў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
Фота аўтаркі