Ноч расстраляных паэтаў пройдзе ў Курапатах 29 кастрычніка



На 29 кастрычніка прызначаная вечарына ў Курапатах, якая штогод ладзіцца ў памяць пра больш як сто расстраляных беларускіх літаратараў і грамадскіх дзеячаў. Сёння, 27 кастрычніка, арганізатара падзеі Змітра Дашкевіча асудзілі на 15 сутак. Як расказала Свабодзе жонка Змітра — Наста Дашкевіч, вечарына адбудзецца ў любым выпадку.

Паводле яе, адзначэнне «Ночы расстраляных паэтаў» сёлета як ніколі актуальнае. «Сувязь паміж непрызнаннем рэпрэсій 1937-га і цяперашнім гвалтам сілавікоў відавочная. Тыя самыя людзі, якія абвяргаюць, што тады былі масавыя і незаконныя рэпрэсіі, сёння зноў зрабілі інструментам сваёй палітыкі гвалт і здзек з людзей..», — лічыць Наста Дашкевіч.

Да традыцыйнага фармату вечарыны далучацца з выступамі спартоўцы, медыкі, настаўнікі, студэнты ды прадстаўнікі іншых груп, якія цярпяць ад рэпрэсій. «Ноч расстраляных паэтаў» плануецца пачаць а 20 гадзіне 29 кастрычніка каля мемарыяльнага знаку ў Курапатах.

Беларускае Радыё Рацыя