Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах



Тысячы беларусаў сёння прыйшлі ва ўрочышча Курапаты на Ноч расстраляных паэтаў. 

Імпрэзу традыцыйна рыхтаваў Зміцер Дашкевіч. Але яго затрымалі і адправілі на суткі. Ганна Севярынец узяла арганізацыю мерапрыемства на сябе, паведамляе „Новы Час”. 

На паркоўцы ля Курапатаў заўважаны машыны з дыпнумарамі Эстоніі, Вялікабрытаніі. Дыпламаты прыехалі, каб выказаць сваю салідарнасць.

Імпрэза пачалася а 20-й гадзіне.

Ганна Севярынец: Праз 80 гадоў пасля курапацкай трагедыі мы адчуваем той жа жах, які людзі адчувалі тады. Таму назва імпрэзы яшчэ адна: Курапаты-Акрэсціна.

Імёны расстраляных пад звон зачытваюць Вольныя Купалаўцы.

Пасля імёнаў рэпрэсаваных у 1937-м прагучалі імёны Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора, Генадзя Шутава і Мікіты Крыўцова, што загінулі падчас сёлетніх пратэстаў.

Перад прысутнымі выступіла Ніна Багінская: З прыходам да ўлады Лукашэнкі адраджэнне прыпынілася і пачаўся фашызм. Ён праявіўся ў тым, што людзей ізноў пачалі страляць. Зараз прыклад — арганізатары гэтай памятнай ночы альбо ў выгнанні, як Вячаслаў Сіўчык, альбо за кратамі, як Зміцер Дашкевіч. Гэта і ёсць вынішчэнне нашай нацыі. І таму я ў сваім сталым веку буду прыходзіць паўсюль, куды моладзь запрашае, бо я бачу, што яна не баіцца пашыць бчб-сцягі і выходзіць на акцыі пратэсту. Дзякуй моладзі. Жыве Беларусь!

Уладзімір Някляеў: Азіраючыся назад у жахі гісторыі, мы думаем: скончылася, гэта ўжо ніколі не паўторыцца, чалавецтва ідзе наперад. Але ў кожным руху ёсць адкаты назад. І мы зараз знаходзімся ў гэтым адкаце, калі ведаем, што нас могуць зноў расстраляць.

Але плакаць нам не час. Нам трэба змагацца, каб тое ніколі больш не паўтарылася. Жыве Беларусь!

Усе разам спяваюць „Магутны Божа”.

Варту памяці прынялі літаратары: Таццяна Нядбай, Марыя Мартысевіч, Максім Гаруноў, Дар’я Бялькевіч.

Яе працягваюць Вольныя Купалаўцы — Зоя Белахвосцік, Яўгенія Кульпачная, Юлія Шпілеўская. Акрамя прамоваў, яны таксама чытаюць творы расстраляных пісьменнікаў.

Зоя Белахвосцік, дэкламуючы, не можа стрымаць слёз. Зрэшты, не толькі яна. Купалаўцы сыходзяць са сцэны пад апладысменты з мокрымі вачыма.

Выступіў пастар Вячаслаў Ганчарэнка: На гэтай зямлі пралілося шмат крыві. Бог чуе кроў, якая крычыць з зямлі”, — гаворыць ён.

На курапацкую сцэну выходзіць Андрэй Хадановіч з гітарай. Сярод іншага, спявае „Муры”. Людзі спяваюць разам і пляскаюць у далоні. Запалілі ліхтарыкі мабільных тэлефонаў.

Варту прынялі навукоўцы, выкладчыкі, настаўнікі Павел Баркоўскі, Ірына Раманава, Алесь Мінаў.

Да мікрафона далей выйшлі спартоўцы — чэпмпіёнка свету па штурханні ядра Надзея Астапчук і галоўны трэнер гандбольнага клуба „Віцязь” Андрэй Якаўлеў. 

Спартоўцаў праводзяць авацыямі, воклічамі „Дзякуй!” і „Жыве Беларусь!”.

Далей — студэнты: Яўгенія Субат, Паліна Забела, Крысціна Забела. 

Далучаюцца менскія дактары: Андрэй Вітушка, Андрэй Любецкі, Дзмітрый Лапцэвіч.

Імпрэзу завяршылі ўсеагульнай малітвай „Ойча наш”.

novychas.by

Фота: Шуры Піліповіч-Сушчыц, Наша Ніва

* * * 

У 1937 за адну ноч савецкія спецслужбы расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Сярод расстраляных: Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Анатоль Вольны, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валерый Маракоў. Агулам у 1930—1950-я гады ў Беларусі было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек. Каля 200 тысяч з іх загінулі. Як мяркуецца, каля 30 тысяч расстраляных пахавана ў Курапатах.

Традыцыйна ўвечары 29 кастрычніка людзі збіраюцца ў Курапатах, каб ушанаваць памяць ахвяраў рэпрэсій. 

Беларускае Радыё Рацыя