„Ноч рубля напярэдадні дэнамінацыі”
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік 21 траўня правядзе «Ноч рубля напярэдадні дэнамінацыі». Такой незвычайнай праграмай палачан пацешаць у Міжнародны дзень музеяў.
У афішы музейнай ночы – квэсты, выставы, канцэрты, кінапаказы, гульні, экскурсіі, якія аб’ядноўвае грашовая тэматыка. Мерапрыемствы пройдуць у філіялах музея-запаведніка. Так, у Дзіцячым музеі адбудуцца ўрокі займальнай арыфметыкі для дзяцей і бацькоў. У экалагічным музеі пакажуць мультфільмы пра гісторыю грошай, у краязнаўчым – пройдзе квэст «Money-манія». У дворыку Доміка Пятра І усе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у манетным атракцыёне «Грошы на бочку». Музей беларускага кнігадрукавання запрашае на аўтарскую тэматычную экскурсію «Кніга гэтая набытая…».
У полацкіх музеях можна будзе таксама ўбачыць памятныя манеты Нацбанка Беларусі, экспазіцыі „Беларусь на грашовых купюрах», «Флора і фаўна на банкнотах і манетах краін свету».
Партнёрам правядзення «Ночы музея» выступае Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут гасцей чакаюць начныя экскурсіі-квэсты «Сакрэты мудрага старца» – будзе магчымасць наведаць падзямелля езуіцкага калегіума і паспрабаваць шакалад, прыгатаваны па старадаўнім рэцэпце, паведамляе news.tut.by.
Фота nelly-info.by