Новая капліца замест старой, якую асвячаў слуцкі паўстанец



У вёсцы Гуменікі Слонімскага раёна 21 красавіка ўрачыста адкрылі і асвяцілі праваслаўную драўляную капліцу, якую пабудавалі слонімскія мастакі і будаўнікі. Яна была пабудавана амаль па тым праекце, якая была тут пабудавана і асвечана ў 1923 годзе Хведарам Данілюком (1887-1960) і Паўлам Лысухам (1892-1954). Хведар Данілюк і Павел Лысуха былі родам з суседняе вёскі Сурынка. Хведар Данілюк у 1919-1920 гадах служыў у Беларускай вайсковай камісіі, прымаў удзел у Слуцкім паўстанні. У 1921 годзе прыняў святарскае пасвячэнне. Павел Лысуха атрымаў рэлігійную адукацыю, служыў пэўны час псаломшчыкам-рэгентам, а ў 1923 годзе яго пасвячаюць у сан дыякана. Потым жыў у Беластоку, служыў вікарным святаром Свята-Мікалаеўскага праваслаўнага кафедральнага сабора ў Беластоку. У Беластоку Павел Лысуха даслужыўся да протаіерэя, пражыў там 27 гадоў.

Настаяцель прыхода храма святога прарока Іллі ў вёсцы Сурынка протаіерэй Генадзь Логін паказаў шыльдачку і крыж, калі была адноўлена капліца Хведарам Данілюком і Паўлам Лысухам. Па словах святара Генадзя Логіна, тая старая капліца зусім згніла і яе нават немагчыма было рэстаўраваць і аднавіць. Таму было вырашана пабудаваць новую падобную капліцу, якую дапамаглі аднавіць мясцовыя жыхары, а таксама фундатар Аляксандр Севасцьян, якога архіепіскап Наваградскі і Слонімскі Гурый узнагародзіў медалём прападобнага Елісея Лаўрышаўскага, а граматай – Рыгора Жука, Міхаіла Севасцьяна і Ганну Грэшчык.

На адкрыццё капліцы сабраліся праваслаўныя вернікі з вёскі Гуменікі і суседнік вёсак Слонімскага раёна, святары і журналісты. Адкрыў праваслаўную капліцу і асвяціў архіепіскап Наваградскі і Слонімскі Гурый. А протаіерэй Генадзь Логін пажадаў усім вяскоўцам дабра і шчасця.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара