Новая кніга ад Hrodna.life



У Гародні рыхтуецца да выдання ўнікальная кніга „Гарадзенкі” ад рэгіянальнага выдання Hrodna.life. Гэтым разам – гэта кніга пра дзяўчат, якія жылі і жывуць у Гародні.

Пра асаблівасці гэтага выдання распавядае яго стваральніца, журналістка Ірына Новік:

– Кніга „Гарадзенкі” – гэта вынік нашай працы за апошні год. У яе ўвайшоў шэраг нататак, такіх эсэ пра гістарычных жанчын з Гародні і шэраг эсэ пра жанчын, каторыя жывуць у Гародні зараз. Над гістарычнай часткай працаваў гісторык Андрэй Вашкевіч. Ён напісаў нататкі пра Бону Сфорцу, Зоф’ю Налкоўскую, Вольгу Соламаву, Ларысу Ляшэнка, Вольгу Корбут. Усяго ў яго атрымалася 14-ць гераінь гісторыі Гародні. Сучасную частку напісала я – Ірына Новік.

Сучасныя дзяўчаты ў кнізе – гэта тыя гераіні, што жывуць сярод нас, кажа яна:

– У мяне 10-ць гераінь – гэта ўдзельніцы мінулагодняга праекта, які мы рабілі з фатографам Кацярынай Гардзеевай і Людмілай Лебедзь, разам з Media Room. Поўныя версіі іх інтэрв’ю дзяўчат-гераінь сталі асновай сучаснай часткі.

Разам з кнігай можна замовіць і прыгожы нататнік, старонкі якога адмыслова не маюць датаў і назваў месяцаў, але ён упрыгожаны партрэтамі гераінь кнігі. Замовіць гэтыя выданні можна праз краўдфандынг.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня