Новая кніга Бахарэвіча
У выдавецтве “Галіяфы” выходзіць чарговая кніга Альгерда Бахарэвіча. Кніга мае назву “Ніякай літасці Альгерду Б.” і аб’яднала эсэ, якія пісьменнік пісаў для сайта кампаніі „Будзьма беларусамі!”. Кажа дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў:
– Кніжка разнапланавая, нязвыклася, даволі арыгінальная. Тыя, хто чытаў Альгерда Бахарэвіча, ведаюць, што аўтар даволі сур’ёзны, ён любіць разважаць над рознымі праблемамі.
Культура і гісторыя, літаратура і кіно, мроі і спадзяванні, асабістае і грамадскае, вечнае і надзённае, Беларусь як частка Еўропы і Еўропа як беларускі сон – вось толькі некаторыя з тэмаў, якія зрабіліся вызначальнымі для гэтай кнігі. Прэзентацыя зборніка запланаваная на 24 ліпеня ў кнігарні „Галіяфы”.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя