Новая кніга Дануты Бічэль
У менскім выдавецтве “Про Хрысто” выйшла з друку новая паэтычная кніга гарадзенскай пісьменніцы Дануты Бічэль “Гаўя спяшаецца ў Нёман”. На тытульнай старонцы адзначана, што ў кнігу ўвайшлі версэты, прозавершы і медытацыі.
“Гаўя спяшаецца ў Нёман” складаецца з дзевяці раздзелаў, прысвечаных праваму прытоку Нёмана рэчцы Гаўя і ўсім тым жыццёвым падзеям, якія адбываюцца вакол яе. Паэтка шчыра, цёпла, сардэчна і натхнёна апявае “цела душы маёй, раку маю Гаўю…”:
На самаробных плытах
Сплывайце ў бурлівы Нёман!
Гаўю – родавы шлях,
Не пакідайце нікому!
Шмат у зборніку духоўных вершаў, малітваў і праслаўленняў. Найперш запамінаюцца малітва да святога Юзафа Росіца, малітва “жывой ружанцовай ружы” імя Маці Божай Ўнебаўзнятай, малітва за чытачоў і чытачак, праслаўленне, падзяка за збаўленне, праслаўленне – каб выйсці з адчаю і іншыя.
Ёсць у зборніку вершы, прысвечаныя вялікім людзям Беларусі, а таксама сябрам і знаёмым: Янку Купалу, Міхасю Ляпеху, Хрысціне Лялько, Генадзю Жыберу і г.д.
Але скразной лініяй праз увесь зборнік вершаў “Гаўя спяшаецца ў Нёман” праходзіць любоў да Бацькаўшчыны, да Нёмана і Гаўі:
Малітва бабуліна – Гаўя –
цярпліва дзяцей чакае…
Толькі няхай не мялее,
не зарастае глеем…
Беларускае Радыё Рацыя