Новая кніга Сяргея Чыгрына пра Слонімшчыну



Менскае дзяржаўнае выдавецтва “Беларусь” выпусціла кнігу Сяргея Чыгрына “Слонімшчына. Гістарычныя нататкі”.

Па словах аўтара кнігі, у ёй адлюстравана гісторыя Слонімшчыны ў невялікіх тэкстах, шматлікіх фотаздымках і малюнках. Тэксты і здымкі ў кнізе дапаўняюць адзін аднаго, каб праўдзіва паказаць гісторыю слонімскай зямлі, лёсы людзей, помнікі, падзеі, факты. Ад першабытных людзей да сучасных падзей на Слонімшчыне – гэта падарожжа ў часе. Таму тых, хто захоплена ўглядаецца ў сівую мінуўшчыну Слонімшчыны і ў яе сучаснасць, чакаюць цікавыя адкрыцці і сустрэчы на старонках новай кнігі Сяргея Чыгрына.

Выданне арыгінальнае сваім дызайнам, паліграфічным аздабленнем і задумкай выдаўцоў і аўтара. Кнігу з цікавасцю пагартаюць і пачытаюць тыя, хто любіць і захапляецца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны.

Першая прэзентацыя кнігі “Слонімшчына. Гістарычныя нататкі” адбудзецца ў слонімскай кнігарні “Санет” у пятніцу, 16 жніўня” у 13 гадзін. У сустрэчы прымуць удзел супрацоўнікі выдавецтва “Беларусь”, аўтар кнігі і творчая інтэлігенцыя Слоніма.

Беларускае Радыё Рацыя