Новая кніга Міхася Андрасюка – першая прамоцыя (абноўлена)
Музей і асяродак культуры ў Гайнаўцы запрашае на прэзентацыю новай кнігі Міхася Андрасюка „Поўня”. Сустрэча пройдзе 14-га сакавіка а 17-й гадзіне. Мерапрыемства павядзе Мікола Ваўранюк.
А чаму якраз загаловак кніжкі «Поўня»? – тлумачыць аўтар.
Урэшце дачакаліся. Пасля доўгага зацішша перад Чытачамі неверагодна таямнічая «Поўня» Міхала Андрасюка. Літаратура бязмежная ў сваёй лёсавызначальнасці часу і прасторы. Сваімі вобразамі і словамі выспявала стагоддзямі ў магічным свеце Белавежскай пушчы і ўзляцела звыш межаў жыцця і смерці. Чытаўшы гэтую кнігу мы можам на хвіліну адчуваць сябе ў некалькіх вымярэннях, але без патрэбы ставіць лішнія пытанні наконт свету бачанага і небачанага. Поўня празаічнага таленту Міхала Андрасюка раскрываецца перад намі.
Яўген Вапа. Доўгі Брод
* * *
Міхал Андрасюк нарадзіўся 2 снежня 1959 года ў Гайнаўцы на Падляшшы. Дзяцінства і маладосць правёў у вёсцы Войнаўка ў гміне Дубічы-Царкоўныя, дзе і зараз пражывае. Скончыў беларускі ліцэй у Гайнаўцы (1978), працаваў настаўнікам і каменячосам, супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя. Дэбютаваў у беластоцкай «Ніве» (1979) вершамі. У гэтым выданні друкуецца і надалей. Піша па-беларуску і па-польску. Аўтар кніг прозы «Фірма» (Беласток, 2000), «Мясцовая гравітацыя» (Беласток, 2004), «Белы конь» (Беласток, 2006, перакладзены і выдадзены на польскай мове ў 2011), «Вуліца Добрай Надзеі» (Мінск, 2010), «Wagon drugiej klasy» (Беласток, 2010), «Krzyżyk» ( Беласток, 2015).
Міхал Андрасюк узнагароджаны «Залатым апострафам» часопіса «Дзеяслоў» за сваю прозу, якая друкавалася на яго старонках у 2009 годзе. Атрымаў літаратурную прэмію прэзідэнта горада Беластока імя Веслава Казанэцкага за 2011 год за кнігу «Белы конь».