Новая паштоўка, прысвечаная Тадэвушу Касцюшку
Дзякуючы няўрымсліваму даследчыку і калекцыянеру Ігару Федасенку з Івацэвічаў з друку выйшла новая паштоўка, прысвечаная нацыянальнаму герою Беларусі, Злучаных Штатаў Амерыкі і Польшчы, ганароваму грамадзяніну Францыі Тадэвушу Касцюшку (1746-1817).
Тадэвуш Касцюшка паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду, вядомага з часоў Вітаўта Вялікага. Ягоныя продкі цягам дзевяці пакаленняў жылі ў Літве-Беларусі, валодаючы землямі паміж Кобрынам і Берасцем. Цэнтрам Касцюшкавай спадчыны з 1509 года быў маёнтак Сяхновічы на Жабінкаўшчыне.
Найчасцей ён вядомы пад сваім скарочаным прозвішчам, аднак у дакументах сустракаецца і поўная форма імя, атрыманага пры хрышчэнні: Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка-Сяхновіцкі. Належаў ён да малодшай лініі гэтага вядомага ў Беларусі і за яе межамі роду.
Сярод верагодных месцаў з’яўлення на свет Касцюшкі, даследчыкі называюць Малыя Сяхновічы альбо фальварак Мерачоўшчына ў Івацэвіцкім раёне. Сам Касцюшка, як сцвярджалі ягоныя сучаснікі Міхал Клеафас Агінскі і Карл Фалькенштэйн, сваёй малой радзімай лічыў пры жыцці Сяхновічы.
Дакладная дата нараджэння Тадэвуша Касцюшкі дасюль не вядома. Цяпер суіснуюць тры версіі пра час нараджэння генерала Касцюшкі, прапанаваныя навукоўцамі: 28 кастрычніка або 30 лістапада 1745 года, ці 4 лютага 1746-га. Апошнюю напрыканцы ХІХ стагоддзя прапанаваў польскі даследчык Тадэвуш Корзан. Традыцыйна Корзанаўская версія выкарыстоўваецца часцей за іншыя.
Продкаў Тадэвуша Касцюшкі называлі “русінамі племені беларусаў”. Сам генерал Касцюшка ў сваіх лістах і адозвах нязменна гаварыў пра сябе як пра ліцвіна.
Пачатковую атрымаў у Беларусі, у родным доме. Сярэднюю – у Любяшоўскім калегіуме ордэна піяраў (Украіна). Вышэйшую (ваенна-інжынерную) – у Варшаўскай рыцарскай школе (іншая назва – Кадэцкі корпус) і французскай сталіцы. Акрамя вывучэння артылерыі, архітэктуры і фартыфікацыі, Касцюшка авалодаў пяццю мовамі, выдатна маляваў, музыцыраваў на фартэпіяна, пакінуў пасля сябе некалькі музычных твораў, кніг, займаўся разьбой па дрэве і г.д.
Сваімі талентамі на полі бою Касцюшка праславіўся ў Рэчы Паспалітай. Гэтая краіна мела дзве арміі – каронную (польскую) і літоўскую (Вялікага Княства Літоўскага). Пан Тадэвуш насуперак ягонай волі зімой 1790 года быў залічаны ў польскае войска (пісьмовая просьба пра перавод у армію ВКЛ была пакінута каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім без рэагавання). Праз два гады Касцюшка атрымаў званне генерал-лейтэнанта кароннага войска.
Яшчэ раней паспяховую вайсковую кар’еру ён зрабіў у Амерыцы. Восенню 1783 года Кангрэс надаў Касцюшку за ўдзел у вайне за незалежнасць Злучаных Штатаў званне брыгаднага генерала ЗША.
Вясной 1794 года, у час паўстання народаў Польшчы, Літвы і Беларусі, узначаленага “генералам дзвюх армій”, Касцюшка быў абвешчаны ў Кракаве Найвышэйшым Начальнікам усіх узброеных сіл, Дыктатарам Рэчы Паспалітай.
Заслугі Тадэвуша Касцюшкі былі высока ацэнены ўжо пры жыцці. Ён атрымаў ганаровае амерыканскае і французскае грамадзянства. У Злучаных Штатах быў узнагароджаны ордэнам Цынцынанта, а ў Рэчы Паспалітай – “Віртуці Мілітары”. Меў таксама шчодрыя грашовыя і зямельныя падараванні, у тым ліку ад Кангрэса ЗША, Брытанскага Парламента, урадаў Швецыі і Францыі, расейскага імператара Паўла І. Пазней Тадэвуш Касцюшка абвешчаны нашчадкамі Нацыянальным героем Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амерыкі.
Беларускае Радыё Рацыя