Новая проза ад Алеся Чобата



Кніга эсэ і апавяданняў сляпога паэта і пісьменніка Алеся Чобата пабачыла свет некалькі дзён таму ў Гародні. Пад назваю „На дзікай прэрыі над Котрай, Гаўяй і Шчарай” хаваецца больш за дзясятак твораў, якія друкаваліся ў розных выданнях у канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя ці ў першых гадах ХХІ стагоддзя. Пра кнігу распавядае яго складальніца, гарадзенская пісьменніца і паэтка Данута Бічэль:

– Набірала з тых газет, у якіх былі гэтыя апавяданні. У кожнага рэдактара свая мова. Наша выданне, якое зусім не трэба было правіць, – гэта апавяданне “Крыж над Нёманам”, якое друкавалася ў “Нашай веры”. Дарэчы, гэта самы цікавы твор Алеся Чобата пра Тамаша Зана. А вось з “Нашай нівай” і “Нівай” я не справілася, бо не магла падагнаць пад адзін стыль. Папраўляць Чобата, сляпога, які нічога не можа, улазіць у яго тэкст – гэта як грэх.

Наклад кнігі ўсяго 100 асобнікаў, і яна ўжо пасля выхаду стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Апошнім часам творчасць Алеся Чобата набірае абароты на Гарадзеншчыне: у мінулым годзе з’явілася кніга яго вершаў, а літаральна некалькі дзён таму на верш паэта гарадзенскі аператар Валер Руселік зняў кліп у выкананні Алеся Дзянісава.

IMG_9759 ryzy50_nСкладальніца кнігі Данута Бічэль і выдавец Аляксандр Рыжы

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня