Новая версія „Трох чарапах” ад Лявона Вольскага і сяброў



У сеціве з’явілася незвычайнае відэа, на якім Лявон Вольскі разам з вядомымі музыкамі, паэтамі і грамадскімі дзеячамі выконвае песню “Тры чарапахі” на дзіцячых музычных інструментах.

У кліпе заўважаныя спявачка Palina, Віталь Гуркоў, гурты Naviband і Irdorath, Франак Вячорка, Адам Глобус, Віталь Рыжкоў, а таксама музыкі гуртоў VOLSKI і Крамбамбуля.

“За 20 год мы бачылі дзясяткі, калі не сотні выкананняў і інтэрпрэтацыяў “Трох чарапах”: ад спеваў на вулічных акцыях да флэшмобаў БРСМ, ад футбольных фанатаў да касцельных званоў, у гарадскіх джунглях і лясных гушчарах. Гэта вельмі натхняе – і нам захацелася трошкі павыдурняцца, сабраць сяброў ды зрабіць такую вось версію нефармальнага гімна Беларусі, – піша Лявон Вольскі ў сваім Facebook.

Ідэю музыкам дало папулярнае амерыканскае шоу Джымі Фэлана, дзе падобны інтэрактыў прапануюць знакамітым сусветным гуртам.

Рэжысёрам відэа выступіў Валер Кандрацьеў, аператарам – Канстанцін Сярогін, гукарэжысёрам – Сяргей Васількоў. Ролік здымаўся ў памяшканні бара Lidbeer, а музычныя інструменты творцам прадаставіла крама Musicart.by. Арганізатары – кампанія “Наш Дзень”.

Бліжэйшы вялікі канцэрт Лявона Вольскага адбудзецца 26 кастрычніка ў менскім Prime Hall – гледачоў чакаюць паўнавартасныя сэты з песень гуртоў Мроя, N.R.M., ZET, Volski, прысвечаныя знакавым датам гэтых гуртоў. Па словах арганізатараў, квіткоў засталося зусім мала, набыць іх можна ў апрератара Kvitki.by, на сайце і ў  касе Prime Hall  –  bit.ly.

Паводле прэс-рэлізу

Фота: скрыншот з відэа