Зацверджана новая аранжыроўка песні NaviBand на „Еўрабачанне”
Новую аранжыроўку конкурснай версіі песні „Гiсторыя майго жыцця” групы NAVIBAND, якая прадставіць Беларусь на „Еўрабачанні-2017”, зацвердзіў кампазітар Алег Хаменка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА піяр-менеджар NAVIBAND на конкурсе Сяргей Андрыянаў.
З лідарам гурта „Палац” Арцём Лук’яненка і Ксюша Жук сябруюць некалькі гадоў і ўжо маюць сумесны дуэт „Плакалi ветры”. На памяць Алег падарыў музыкантам значок Еўрапейскага вяшчальнага саюза 1994 года, які ён атрымаў у Германіі на фолк-фестывалі як першы прадстаўнік Беларусі на гэтым еўрапейскім музычным форуме.
„Для мяне сімвалічна, што праз 10 гадоў пасля ўдзелу групы „Палац” у паўфінале адборачнага тура „Еўрафэст” з песняй на беларускай мове, на конкурсе ўсё ж такі прагучыць родная мова ды яшчэ і ў выкананні такіх таленавітых юнака і дзяўчыны з групы NAVIBAND”, – сказаў Алег Хаменка. Конкурсную кампазіцыю запісвалі на студыі ў Менску. Для сапраўднага фальклорнага гучання музыканты выкарыстоўвалі жывыя інструменты.
У мультытрэку ў адрозненне ад версіі нацыянальнага фіналу з’явіліся скрыпка і дуда. Лічбавы рэліз сінгла на iTunes і аналагічных носьбітах адбудзецца 7 сакавіка. Разам з новай аранжыроўкай NAVIBAND прэзентавалі фірменнае лога беларускай дэлегацыі на конкурсе. Лагатып намаляваны ўручную і пераведзены ў лічбавы фармат беларускім дызайнерам Марыяй Ліс. У ім яна аб’яднала фірменны стыль групы і беларускі арнамент: зямля і сонца. Таксама заяўлены слоган, з якім беларуская дэлегацыя едзе на конкурс у Кіеў „#NaviBand from #BelarusLand”. Афіцыйным хэштэгам для „Еўрабачання” дэлегацыя выбрала #Heyheyhayayayayo. Цяпер NAVIBAND пачалі штодзённыя заняткі па вакале і работу з рэжысёрам па пастаноўцы нумара.