Новы альбом гурту DZIECIUKІ з’явіцца ў сакавіку
Гарадзенскі гурт DZIECIUKI ўжо амаль скончыў працу над новым альбомам, які мае назву “Радыё Harodnia”. Пра альбом распавядае вакаліст гурту Алесь Дзянісаў:
– Фактычна ўсё ўжо скончана. Вокладку мы самі робім. З музыкі літаральна ў 2 песнях дапісаць бэк-вакал, пасля чаго будзем займацца звядзеннем. Разумею, што нашыя абацянкі ўжо надакучылі, бо мы абяцалі кастрычнік, пасля снежань, студзень… Затым ужо маўчалі. Рэальна цяпер гэта сакавік–першая палова красавіка. У любым выпадку альбом будзе выкладзены ў інтэрнэт да менскага канцэрта.
Першая прэзентацыя новага альбома гурту DZIECIUKI адбудзецца 28 красавіка 2019 года ў Менску ў клубе Re:Public. Квіткі на канцэрт ужо можна набыць праз інтэрнэт.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня