Новы факт пра сімвал кампаніі #БНР100



У кастрычніку 2017 года Symbal.by і „Арт Сядзіба” пачалі грамадскую кампанію #БНР100, якая прысвечана 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатары кампаніі паведамілі, што сумесна з мастаком Максам Пякарскім была ўзноўлена ўнікальная выява „Пагоні”, а яе макеты размешчаны ў вольным доступе:

– Гэта выява Пагоні знойдзена намі ў Беларускай эміграцыйнай калекцыі. Яна выкарыстоўвалася на пячатках, бланках і разнастайных дакументах Рады БНР, Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі ды шматлікіх іншых арганізацый па-за межамі Беларусі з 50-х гадоў 20 стагоддзя.

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што выява „Пагоні”, якая стала сімвалам кампаніі #БНР100, старэйшая прынамсі на чвэрць стагоддзя. Яна выкарыстоўвалася не толькі на эміграцыі ў 50-х, але яшчэ ў 20-х у Заходняй Беларусі. Пра гэта сведчыць вокладка кнігі „Сцэнічныя творы” надрукаваная Выдавецтвам Таварыства „Пагоня” ў Вільні ў 1927 годзе.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя