Новы кліп Лявона Вольскага «Русская песня»
Лявон Вольскі прадставіў у сеціве трэці сінгл з новага альбома «Гравітацыя», канцэртная прэзентацыя якога адбудзецца 2 сакавіка ў Prime Hall. Упершыню з пачатку 80-х музыка заспяваў на расейскай мове.
„Песню я напісаў у 2013 годзе, яшчэ да пачатку падзей ва Украіне. На жаль, вялікая частка нашай краіны жыве ў чужой медыяпрасторы, цікавячыся больш зорнымі раманамі Пугачовай і Кіркорава, чым падзеямі ў Беларусі – было так тады, застаецца так і зараз. Асабліва моцна на масы ўплывае тэлебачанне – пра гэта кліп, які зняў рэжысёр Аляксандр Міцкевіч. Я ўжо гадоў 10-15 не гляджу аніякія каналы і вельмі гэтаму рады,” – распавёў Лявон Вольскі.
Новы альбом «Гравітацыя», які мае выйсці ў хуткім часе, завяршае трылогію, распачатую дыскамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016). Як і папярэднікі, ён быў запісаны ў Вільні з нарвежскім саўндпрадзюсарам Снорэ Бергерудам.
Канцэртная прэзентацыя альбома «Гравітацыя» адбудзецца 2 сакавіка ў Prime Hall. Квіткі коштам ад 40 рублёў можна набыць на сайтах Kvitki.by, Primehall.by, а таксама ў касах горада. Даведка: (033) 661 14 32.
Фота: Андрэй Давыдчык