Новы кліп Змітра Вайцюшкевіча пра вайну
На TuzinFM прэм’ера новага кліпа Змітра Вайцюшкевіча «Калі заўтра роўна ў шэсць», які зрабіў аніматар Сяргей Кастрыцкі.
Песня «Калі заўтра роўна ў шэсць» увайшла ў альбом Змітра Вайцюшкевіча «Камэта», напісанага на музыку і словы Яраміра Ногавіцы, у беларускім перакладзе Віталя Воранава. Менавіта яе абраў для ўвасаблення рэжысёр-аніматар Сяргей Кастрыцкі, вядомы з кліпа таму ж Вайцюшкевічу «На Каляды» і «Дым» гурту Pomidor/off.
«Кліп гэты – мультыплікат у чыстым выглядзе. Ягоная ідэя – паказаць тую частку гісторыі, пра якую мала кажуць. Пра гісторыю Першай сусветнай і пра беларусаў, якія ваявалі за імперыю, такі быў час. Памяці нашых землякоў і прысвячаецца гэтая праца», – сказаў рэжысёр з нагоды прэзентацыі на TuzinFM.
Зьміцер Вайцюшкевіч у гэтай сувязі праводзіць паралелі з сучаснасцю: «Мы абсалютна неабароненыя перад вайною ў наш час. Вайна зноў прыйшла, яна зусім побач, на Украіне. І яна пагражае небяспекаю ў тым ліку і беларусам». Выканаўца і рэжысёр не сышліся ў некаторых момантах роліку, але Зміцер усё ж «прыняў працу». «Мне падабаецца тое, што робіць Кастрыцкі, ён таленавіты і бачыць свет па-свойму», – зазначае спявак.
Музыка і рэжысёр збіраюцца працягнуць супрацу. Наступны кліп на песню Змітра Вайцюшкевічам задумваецца, як шпіёнскі.