Новы лаўрэат „Глінянага Вялеса” – Франц Сіўко



Традыйна ў сакавіку арганізацыйны камітэт літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” называе чарговага свайго лаўрэата – сёлета ім стаў віцебскі празаік Франц Сіўко. Узнагароду пісьменніку прынёс леташні зборнік прозы “Плебейскія гульні”.

Франц Сіўко:

– Чым адрозніваецца новая кніга? Тэматычна, можа быць трошачкі. Але там таксама тэма “каранёў”, бо яна ў мяне скразная. Аповесць “Плебейскія гульні” – гэта ўжо цалкам сённяшні дзень. Гэта тыя гульні, у якія гуляюць дарослыя людзі.

„Плебейскія гульні” — вынік літаратурнай працы Франца Сіўко напрацягу апошніх пяці гадоў. У новы зборнік празаіка ўвайшлі тры аповесці: “Дзве вясны дзяцей Прыяпа”, “Цымант”, “Плебейскія гульні”. Аповесць „Дзве вясны дзяцей Прыяпа” апублікаваная ўпершыню.

Імпрэза ўганаравання новага лаўрэата літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” адбудзецца ў траўні ў Полацку.

„Гліняны Вялес” – найстарэйшая літаратурная прэмія найноўшай Беларусі – была заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам Вольных Літаратараў. Сярод яе лаўрэатаў – Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Федарэнка, Эдуард Акулін і інш.

siuko_01

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vkurier.by