Новы рэліз расейскага гурту „Ногу Свело!“
«Ногу Свело!» – расейскі гурт, які выступіў супраць вайны ва Украіне і з’ехаў у ЗША – прэзентаваў новую песню і кліп на тэму ўварвання. На гэты раз – пра рэфлексію расейцаў на баявыя падзеі. Лідар «Ногу Свело!» Максім Пакроўскі распавёў пра новы рэліз:
— Сама песня пісалася дастаткова даўно, каля паўгода таму. Калі я яе пісаў, уся наша каманда ўсё ж спадзявалася на тое, што Расея, расейскі народ адчуюць нейкае пачуццё пакаяння за тую страшную памылку, якую здзейснілі. Гэта, напэўна, неяк адбіваецца і ў тэксце песні.
Але калі мы здымалі кліп, мы зразумелі, што гэта была толькі ўтапічная мара. І, напэўна, у відэа гэта таксама дастаткова зразумела.
Відэа было знятае на сродкі слухачоў «Ногу Свело!»
«Мы ад імя гурта дзякуем усім, хто ахвяраваў грошы на стварэнне гэтага кліпа», – дадалі музыкі калектыву.
Беларускае Радыё Рацыя