Новы спектакль Пінігіна „Талерантнасць” расказвае еўрапейскую гісторыю
Новы спектакль Мікалая Пінігіна „Талерантнасць”, прэм’ера якога адбулася 27 і 28 красавіка на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, расказвае еўрапейскую гісторыю.
Мікалай Пінігін звярнуўся да п’есы французскага аўтара Ясміны Рэза „Бог разні”, напісанай у 2006 годзе. На беларускую сцэну спектакль выходзіць пад назвай „Талерантнасць”, але арыгінальная назва п’есы прысутнічае на афішы – такой была ўмова драматурга. Як растлумачыў мастацкі кіраўнік Купалаўскага, з просьбай аб замене назвы да аўтара ён звярнуўся, каб пазбегнуць асацыяцый, што гэта гісторыя пра вайну.
Паводле слоў Мікалая Пінігіна, гэта хутчэй не беларуская, а еўрапейская гісторыя. Яна пра праблемы, з якімі сутыкаюцца ў Еўропе ў сувязі з міграцыяй, пра тое, дакуль можна быць талерантным. Гэта п’еса пра тое, што вайна можа пачацца з любой канфліктнай сітуацыі, паколькі ў кожным з нас ёсць не толькі чалавечае, але і звярынае, лічыць мастацкі кіраўнік Купалаўскага.
Лакальную гісторыю дзвюх сямейных пар, якія абмяркоўваюць бойку сыноў, расказваюць на сцэне акцёры Вікторыя Чаўлытка, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Паўлаў, Святлана Анікей і Марына Гардзіёнак. Сварка звычайных людзей указвае на глабальныя сусветныя праблемы.
Над сцэнаграфіяй працаваў Руслан Вашкевіч.
Прэм’ерныя паказы пройдуць таксама 4 і 29 траўня.