Новы турыстычны аб’ект: замкі ВКЛ у мініяцюры



У гэтым годзе ў Ашмянскім раёне з’явіцца новы турыстычны аб’ект. Недалёка ад Гальшан фонд «Краіна замкаў» пры фінансавай падтрымцы ПРААН плануе пабудаваць першы беларускі парк мініяцюр.

На тэрыторыі ў 2,5 гектара да жніўня гэтага года ўзвядуць макеты дзесяці сярэднявечных замкаў у маштабе 1:25. Калі ўлічыць рэльеф, падсыпку і горкі, то турысты будуць гуляць паміж замкамі прыкладна ў чалавечы рост. Праектам у парку прадугледжаны дарожкі, альтанкі, прыгожыя краявіды.  У парку будзе прадстаўлена беларуская замкавая «класіка» – Мірскі, Наваградскі, Лідскі, Крэўскі замкі, а таксама Віленскі, Троцкі, Мядзінінкайскі, паколькі па задуме аўтараў беларускі парк мініяцюр «Краіна замкаў» – гэта не Беларусь, а Вялікае княства Літоўскае.

У турыстаў будзе магчымасць паглядзець у Гальшанах на аўтэнтычныя руіны, а потым параўнаць, які быў гэты замак, убачыўшы яго макет. У Гальшанах ўжо ёсць некалькі кафэ і міні-гатэляў, гатовых прыняць турыстаў. Побач, на хутары Радзевічы, «Краіна замкаў» гатовая прадаставіць наведвальнікам начлег і харчаванне. Так што ў замкі можна будзе прыязджаць на адпачынак.

Паводле grodnonews.by

Фота belarus.by