“Новы замак” прэзентавалі ў Наваградку
У Наваградскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя гадавіка сяброў Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў “Новы замак”.
З бібліятэкарамі і чытачамі сустрэліся пісьменнікі з Гародні Валянцін Дубатоўка і Янка Трацяк, са Слоніма Сяргей Чыгрын, з Наваградка Міхась Зізюк і з Дзятлава краязнавец і грамадска-культурны дзеяч Валерый Петрыкевіч.
Сустрэчу распачаў кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, які “пагартаў” свежы нумар “Новага замку” і спыніўся на асобах, якія там надрукавалі свае творы. Рэдактар выдання Янка Трацяк распавёў пра тое, як ён працаваў над выданнем, адзначыўшы, чым яно адрозніваецца ад ранейшых, адказаў на пытанні прысутных.
Сяргей Чыгрын чытаў свае гумарыстычныя вершы, Міхась Зізюк спяваў песні на словы беларускіх аўтараў, а Валерый Петрыкевіч распавёў пра тое, як на Дзятлаўшчыне ўшаноўваюць пісьменнікаў-землякоў.
Госці пакінулі для бібліятэкі шмат сваіх новых кніг, а бібліятэкары падаравалі пісьменнікам на памяць памятныя медалі з выяваю Адама Міцкевіча.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак
Фота аўтара