Новы зборнік вершаў Людмілы Ардынскай



“Як зацвітаюць верасы” – выйшаў з друку новы зборнік паэткі з Шаркоўшчынскага раёна Людмілы Ардынскай.

Ён прысвечаны мясцінам, дзе яна нарадзілася, зямлі, на якой жыве зараз паэтка, і бацькаўшчыне, адкуль пайшлі яе карані. Як кажа Людміла Ардынская, гэты зборнік яна задумвала ўжо даўна. Калі назапашваецца шмат новых  вершаў і калі хочацца прадставіць іх чытачу, то з’яўляюцца новыя зборнікі:

– У яго ўвашлі новыя вершы, у асноўным напісаныя ў гэтым годзе, магчыма некаторыя ў канцы мінулага года. Зборнік называецца “Як зацвітаюць верасы”. Я чалавек рамантычнага настрою, мяне зачароўвае наша прырода і нашыя верасы, якія цвітуць у барах.

Кніга выдадзеная ў Пастаўскай друкарні невялікім накладам, бо паэтка выдавала гэты зборнік на свае грошы. Іх яна ашчаджала са сваёй невялікай пенсіі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Вершы з новага зборніка Людмілы Ардынскай:

Галоўная кніга горада

Глыбокае… З вішнёвымі садамі, Азёры акружаюць гарадок, Дзе старажытнай візітоўкай храмы, Дзе ў кнігі, як ў крыніцы, свой выток.

На плошчы, упрыгожанай фантанам, У Дзень пісьменства помнік ёй паўстаў. Бы з уніяцкага прынесеная храма – Калісьці кармеліт-манах пісаў.

На камяні, з вярбою побач ніцай, Шыкоўная, адкрытая ляжыць. З разбуранага кляштара дзівіцца Ёй кармеліт, што праз вякі глядзіць.

Манах-пісьменнік ён ствараў гадамі, І слеплі вочы, і над Кнігай засынаў, Каб Кнігу- памяць, што жыла вякамі, Сучаснік наш узнёс на п’едэстал.

Бульбяны фэст у Германавічах

У прыгожым кутку над Дзісной Бульбяны фэст мы ладзім, збіраем. Беларускай вялікай сямʼёй Так адметнасць сваю вызначаем.

Стромы вежаў узносіць касцёл, І званы, нібы час адбіваюць, І дубы ўглядаюцца ў дол: Даўніну скрозь вякі ўспамінаюць.

Не жылі нашы продкі з нудой, Адганялі ад хат песняй, танцам. «Рэхта» з Лепеля з скрыпкай, дудой Майстар-клас выдаюць «Падэспаньцам.

Не ўседзіць стары і малы, Грай, Васілька, з дудой на рамяні! Што ад тых Васілёў мы пайшлі, Час прыйшоў усведамляць пакаленням.

«Весялутка, ух, я!»– Дык зайграй! У думках, справах сябрам тут яднацца. Не забыліся, чуеш, мой край, Як пясняр заклікаў людзьмі звацца!

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя