Новым міністрам культуры стаў чалавек, які ні дня не працаваў у гэтай сферы



Былы памочнік прэзідэнта — інспектар па Берасцейскай вобласці Анатоль Маркевіч прызначаны новым міністрам культуры. Такое рашэнне прыняў 19 лістапада Аляксандр Лукашэнка, паведамляе тэлеграм-канал „Пул Першага”.

На гэтай пасадзе Маркевіч змяніў Юрыя Бондара, які кіраваў Міністэрствам культуры з верасня 2017 года.

Анатоль Маркевіч нарадзіўся ў 1971 годзе ў вёсцы Громкі Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці. У 1994 годзе скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна, а ў 2006-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі.

У 1993 годзе Маркевіч пачаў працаваць настаўнікам, праз два гады стаў дырэктарам Прудянскай базавай школы Шчучынскага раёна. У 1998—2002 гадах кіраваў рознымі школамі ў Гродзенскай вобласці. У 2002 годзе быў прызначаны намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама. У 2010—2011 гадах узначальваў Карэліцкі раённы савет дэпутатаў. З 2011 па 2019 год працаваў старшынёй Навагрудскага райвыканкама.

Да прызначэння міністрам культуры займаў пасаду памочніка прэзідэнта — інспектара па Берасцейскай вобласці.

belapan.by