Новыя кнігі пра Пэтсана і Фіндуса – ужо ў кнігарнях
“Час пеўня” і “Мітусня ў агародзе” – так называюцца кнігі, якімі працягвае радаваць беларускіх дзетак ды іх бацькоў серыя “Каляровы ровар” Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве “Кнігазбор”. Героі Свэна Нурдквіста загаварылі па-беларуску дзякуючы феі-перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч – і цяпер практычна ўсе вядомыя казкі пра дзядка і коціка даступныя на нашай мове!
Шведскі пісьменнік і ілюстратар, творы якога сталі класікай сусветнай літаратуры, нарадзіўся ў 1946 годзе ў Хельсінборгу і на працягу ўсяго жыцця займаўся маляваннем. Працаваў архітэктарам, настаўнікам, ілюстратарам.
У 1983 годзе Свэн Нурдквіст перамог у конкурсе выдавецтва «Opal» на лепшую праілюстраваную кнігу. У кнізе «Блінны торт» чытачы ўпершыню пазнаёміліся са старым, якога завуць Пэтсан, і яго коцікам Фіндусам, якія пазней сталі героямі цэлай серыі.
“Пэтсан жыве на хутары з прыгожым садам, паветкай з дровамі, майстэрняй і куратнікам з дзясяткам курэй. Таксама ў Пэтсана ёсць коцік Фіндус. Калі яму больш няма чым заняцца, Фіндус дражніць ды ганяе курэй. Куры — найлепшыя сяброўкі Фіндуса. Ну, вядома, калі не лічыць Пэтсана”, — так пачынаецца казка “Час пеўня”.
У гэтай кнізе маленькія чытачы даведаюцца гісторыю з’яўлення на падворку Пэтсана новага жыхара – пеўня Юсі, а таксама пра тое, чаму пеўні гучна кукарэкаюць і як наладзіць сяброўства паміж птушкамі і коцікам.
Казка “Мітусня ў агародзе” распавядае пра тое, як стары Пэтсан і коцік Фіндус увесну вырашылі пасадзіць гародніну – бульбу і моркву, гарох і фасолю, а таксама… катлеткі (гэта была цудоўная ідэя коціка) – і што з гэтага ў выніку атрымалася:
— Думаю, дастаткова будзе пасадзіць пару катлетак, — прамармытаў Фіндус. — Але лепш у вазон на падваконні. Увогуле, навошта нам столькі гародніны? Няма ў ёй нічога карыснага.
Новыя кнігі Свэна Нурдквіста ўжо даступныя ў беларускіх кнігарнях:
Дзе шукаць новага Фіндуса:
Менск : „Цэнтральная кнігарня” (пр-т Незалежнасці, 19), „Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), „Кнігі і кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), „Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), „Светач” (пр-т Пераможцаў, 11), „Веды” (вул. К. Маркса, 36), „Галіяфы” (вул. Няміга 3, павільён 66), этнакрама „Рагна” (вул. Сухая, 4), крама дзіцячай кнігі „Рыжий кот” (ГЦ „Рыга”, вул. Сурганава, 50), ІП А. Яўдаха (Knihar Knihiby), Валеры Есіпёнак (крама „Мой модны кут”, ГЦ „Маскоўска-Венскі).