Нумар Naviband на «Еўрабачанне» рыхтуе ўкраінская каманда
Прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні-2017» Naviband далі прэс-канферэнцыю ў рэдакцыі «Камсамольскай праўды» ва Украіне. Падчас як Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка распавялі падрабязнасці нумара, з якім з’явяцца на сцэне конкурсу ў Кіеве.
Па словах музыкаў, падрыхтоўкай нумара займаецца ўкраінская каманда прафесіяналаў, якая рыхтавала да выступу Злату Огневіч і Джамалу. Гэта харэограф Таццяна Астраверх, стыліст Джамалы Дзмітрый Курата, а таксама рэжысёрская група. Будавацца нумар будзе вакол палёту, што, на думку ўдзельнікаў гурту, адпавядае іх песні. На сцэне Ксюша і Арцём будуць удвох (без бэнду), але разам з чатырма бэк-вакалістамі (трыа «Біятрыс» і Міхаіл Сасуноў).
«Нам падабаецца медыя-прастора Украіны, як развіваюцца музыкі, якія матэрыялы выходзяць, таму мы і вырашылі рыхтаваць нумар у Кіеве», – кажуць музыкі.
Рэпетыцыі дуэта адбываюцца ў Кіеве, куды ім даводзіцца часта лятаць. У Менску Ксюша і Арцём наведваюць урокі вакалу ў Вольгі Драздовай. Усе выдаткі ўдзелу гурту на конкурсе ўзяла на сябе „Белтэлерадыёкампанія”. Прома-менеджар гурту – Сяргей Андрыянаў.
Naviband выступяць у другім паўфінале «Еўрабачання» 11 траўня пад нумарам 15.
23 красавіка музыкі дадуць акустычны канцэрт у менскім Палацы прафсаюзаў, які стане «провадамі» Naviband на конкурс у Кіеў.
Паведамляе Еўрарадыё