Няпросты крыж протаірэя Іаана
Пяць год таму карэспандэнт Радыё Рацыя рыхтуючы матэрыял па 100-годдзю украінамоўнага пісьменніка з Палесся Фёдара Одрача (1912-1964) пабываў у яго родных Мясяцічах. Гэтае невялічкае сяло знаходзіцца ў 25-кіламетрах на поўдзень ад Пінска.
Асабліва ніхто з мясцовых старажылаў не ўзгадаў Одрача, але кожны распавёў пра настаяцеля Свята-Параскева-Пятніцкай царквы протаірэя Іаана. Настолькі святар паважаны. Як высвятлілася, пры жыцці ён быў для сяльчан абаронцам, а пасля смерці стаў нябесным заступнікам. Таму прасілі абавязкова яго ўзгадаць. Пачуўшы гісторыю няпростага лёсу, стала зразумела, што тэма Кірдана выходзіць на першыя пазіцыі. Пасля рэпартажу Радыё Рацыя, з’явілася некалькі публікацый на палескім рэгіянальным партале ў якіх узгадвалася постаць протаірэя.
Дзякуючы гэтаму адбылося ўз’яднанне вялікай сям’і, якая амаль стагоддзе была ў пошуках свайго продка, але аб усім з самога пачатку…
Палову жыцця бараніў людзей са зброяй, а палову з крыжом
У грамадзянскім жыцці Іаан – Іван Данілавіч Кірдан (1874-1955), палкоўнік з Чаркас (Украіна), у 1917 годзе далучыўся да барацьбы супраць бальшавікоў. Разам са старэйшым сынам удзельнічаў у белым руху, на жаль, бацьку давялося пахаваць родную кроў пасля аднаго з баёў. Пацярпеўшы паразу ў Крыму, Кірдан блукае па Украіне, шукаючы прытулку. Дадому шляху няма, бо там жонка Алена Дзмітрыеўна і 8 дзяцей, якіх нельга падстаўляць пад рэпрэсіі. Так наш герой, напачатаку 20-х гадоў, дабраўся ў Заходнюю Беларусь на Пінскае Палессе ў вёску Мясяцічы. Тады тэрыторыі ўваходзілі ў Польскую Дзяржаву.
На той момант святара не было і жыхары пагадзіліся, каб афіцэр узяў на сябе абавязкі настаяцеля. Кірдан апраўдаў надзеі вяскоўцаў. Стаў годным сану, ведаў Святое Пісанне даслоўна, кажучы коратка – стаў апантанным справай. Вучыў дзетак Божаму Закону, спевам, дарэчы, многія старажылы дагэтуль спяваюць па-кірданску! Захавалася нават ягоная гітара, канечне, час яе не пашкадаваў.
Адрамантаваў царкву пабудаваную ў 1794 годзе. Царква ў Мясяцічах сапраўды перадае палескі каларыт, як у архітэктурным сэнсе, так і па захаваўшымся, намоленым не адным пакаленнем палешукоў, абразам. Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння. На поўдзень ад царквы стаіць двух’ярусная зрубна-каркасная званіца.
Цудатворная Мясяцічская Божая Маці
У 1929 годзе, святар заклаў традыцыю хрэснага хода у гонар Мясяцічскай Божай Маці. З’яўленне іконы адбылося ўвосень 1893 года. Сведка падзеі Аляксей Мікалаевіч Шпакоўскі пакінуў успаміны:
«Купецкае судна, якое накіроўвалася з Пінска ў Кіеў, заспела непагадзь. Моцны вецер кідаў баржу з боку ў бок. Капітан прыняў рашэнне перачакаць. Каманда стала на якар. Вечарам матрос Іван Міхайлавіч Шпакоўскі, меўшы мянушку «дзед Ульяныч», выйшаў на палубу. Яго ўвагу прыцягнуў невялікі прадмет, свяціўся і плыў супраць плыні ў бок Пінска. Дзед Ульяныч быў смелы. Ён узяў лодку, падплыў да дзіўнага прадмета і асцярожна выняў яго з вады. Аказаліся невялікая дошчачка з выявай Маці Божай з Дзіцяці на руках. Абраз матрос беражліва ўзяў з сабой. Неўзабаве непагадзь сціхла.
Каманда спакойна дабралася да Кіева, дзе судна стала на зімоўку. Матросаў распусцілі па дамах. Іван Міхайлавіч вярнуўся ў родныя Мясяцічы. У той час абраз ўяўляў сабой выразны, маляўнічы, вельмі прыгожы вобраз, які на працягу 3 гадоў быў у доме Шпакоўскіх. Аднойчы ў вёсцы адбыўся моцны пажар, але дом Шпакоўскіх застаўся цэлы. Сям’я дала прытулак пагарэльцам. Адна з жанчын, чый дом згарэў, не адрознівалася набожнасцю і павагай да святынь. Як толькі яна ўлеглася на лаву перад іконай, то імгненна заслона пакрыла абраз. Шпакоўскі паспрабаваў зняць нажом налёт, але спроба аказалася дарэмнай. Нож сагнуўся, а рука Івана Міхайлавіча стала сохнуць. Такой яна і засталася да смерці. Абраз аднеслі ў царкву, дзе заслона тут жа знікла. Зайдзрасць прымусіла забраць Шпакоўскага святыню назад дадому, дзе зноў пакрылася заслонай. Даўшы зарок ніколі не забіраць яе, Шпакоўскі зноў аднёс абраз у царкву. Святар не ўшанаваў святыню. І замест таго, каб адслужыць малебен перад цудадзейнай іконай, ён стаў саскрабаць нажом налёт. Але і яго спробы былі няўдалыя»…
Іншая справа протаірэй Іаан. Кірдан з павагай паставіўся да Мясяцічскай Божай Маці і праз вяскоўцаў, якія выязджалі на заробкі ў Злучаныя Штаты Амерыкі, замовілі кіёт. Каўчэг зрабілі майстры ў Нью-Ёрку, так цудадзейны абраз і захоўваецца. Хрэсны ход дагэтуль робяць на «Дзесятуху» – мясцовае свята, на 10-ю пятніцу пасля Вялікдня, ў гонар з’яўлення Мясяцічскай Божай Маці.
Адышоў пасля Вялікдня
У часы міжваеннай Польшчы Кірдану давялося бараніць святыню ад працэсу канфіскацыі каштоўнасцяў з праваслаўных храмаў, які адбываўся па ўсёй краіне. У часы савецкай-атэістычнай улады змагаўся супраць закрыцця храма. У нацысцкую акупацыю выратаваў аднавяскоўцаў ад карных акцый.
Улетку 1942 года нацысты схапілі мясцовага жыхара звінаваціўшы яго ў падабенстве на габрэя. Кірдан пераканаў акупантаў, што гэта праваслаўны. У той жа час дзеці скралі некалькі пустых скрыняў з-пад зброі. Нацысты расцанілі ўчынак, як партызанскую дыверсію. Протаірэй разумеў, чаго чакаць у такім выпадку. Уласна кінуўся ў пошукі скрыняў і праз некалькі гадзін вярнуў усё ворагам.
Аўтарытэт святара быў непахісны ад малога да вялікага. Перад самой смерцю ён пачаў распавядаць пра жыццё да Грамадзянскай вайны. У апошнія ж месяцы праз сябра шукаў дзяцей і выйшаў з дапамогай надзейных людзей на дачку, але лёс паставіў кропку.
Адслужыўшы ў 1955 годзе Вялікдзень, Кірдан памёр. Яго хавалі ўсёй акругай, сабралося некалькі вёсак. У труну паклалі мундзір, які вернікі знайшлі ў куфры.
За магілай протаірэя даглядаюць так, як некаторыя грамадзяне не даглядаюць за сваяцкай і гэта ёсць сведчаннем прызнання, пашаны. Пэўна лепшага доказа словам, што чалавек памірае, калі пра яго забываюць, не можа і быць.
Фёдар Одрач: як святар спяваў, дык усё сяло бегла пад акно
Ва ўспамінах пісьменніка Фёдара Одрача постаць Кірдана замае важнае месца. Ён наўпрост знаходзіўся пад захапленнем ад святара. Апісвае яго, як чалавека строгага, але справядлівага з якога варта браць прыклад не толькі святарам, а кожнаму, хто намагаецца жыць па сумленні.
«Сядаў у пакоі, каля адчыненага акна і граў на гітары, спяваў. Вернікі слухалі яго на вуліцы. Пасля «Кармелюка» святы айцец праспяваў яшчэ «Думу пра Маразенка», «Думу пра Нячая» і некалькі бытавых песняў. Так прайшоў вечар. Душа мая ўспрымала чары роднага мінулага … », – з занатовак пісьменніка.
Словы Одрача пацвярджаюць мясцовыя жыхаркі Серафіма Дземітрыўна Шпакоўская (1925 г.н.) і Вера Сцяпанаўна Палхоўская (1940 г.н.):
«Слухалі яго песні без стомы. Як ён граў на гітары, а які ў яго быў голас! Сядзеў каля адчыненага акна ў сваім пакоі і як дасць па струнах. Песні, рамансы плывуць па ўсім сялу. Слухаем і просім яшчэ-яшчэ! Ведаў шмат цікавых гісторый, легенд. Вучыў нас. Але што да выканання песняў, то такога яшчэ не чулі. Закрыеш у цішыні вочы, і быццам бы зноў льецца па вуліцах яго голас, знаёмыя мелодыі».
Одрач лічыў Івана Данілавіча афіцэрам арміі Украінскай Народнай Рэспублікі, так яму калісь давёў старэйшы аднавясковец. Зрэшты, пісьменнік прыводзіць толькі адзін аргумент – протаіерэй гаварыў украінскай мовай (на мясцовым дыялекце). Не дзіўна, бо ўспаміны, Одрач датуе восенню 1939 года, калі Кірдан пражыў на Палессі амаль 20 гадоў. Магчыма ў ходзе Грамадзянскай вайны палкоўнік змагаўся на баку УНР, але ж ягоная вайсковая кар’ера пачалася яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, як мінімум за два дзесяцігоддзі да рэвалюцыйнага 1917 года.
Нашчадкі Кірдана: гэта быў наш доўг адшукаць ягонае пахаванне
Пошукі распачала жонка Алена Дзмітрыеўна Кірдан. Пасля яе смерці ў 1939 годзе, справу працягнулі дзеці, затым унукі. Амаль стагоддзе яны шукалі будзь-скую звестку. Хто яго ведае, колькі б яшчэ спатрэбілася часу і хапіла б моцы, але дзякуючы Радыё Рацыі гісторыя набыла розглас і дайшла да Кіева.
З упэўненасцю магчыма сказаць, што наш герой ганарыўся бы сваімі нашчадкамі. Шмат знаных урачоў, вайскоўцаў, а прапраўнучка займае пасаду намесніка міністра сельскай гаспадаркі. Цяперашнія “Кірданы” абяцаюць, што кожны год будуць наведваць магілу продка.
Як будзе, пакажа час, але ўжо зроблена вялікая справа – уз’яднанне сям’і, пастаўлена кропка ў трагічнай гісторыі. Да магілы Івана Данілавіча прывезена зямля з магілы жонкі і наадварот. Лёс Кірдана адлюстроўвае ўсім, якім цяжкім было ХХ стагоддзе, наколькі выпрабоўваў час людзей, праз што прайшлі не згубіўшы чалавечае аблічча.
[Not a valid template]
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя