О, Беларусь – мая шыпшына…



На Слонімшчыне Дзень роднай мовы ператварыўся ў шырокае тыднёвае свята роднай мовы.

Навучэнцы Слонімскага каледжа прынялі ўдзел у віктарыне па беларускай мове “Беларуская скарбонка”. У Слонімскай гарадской бібліятэцы № 4 адбылося гістарычнае паведамленне “Родная мова – крыніца празрыстая”, у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа прысутныя пабывалі на часе беларусазнаўства “Душа адклікнецца на роднае слова”, а ў сярэдняй школе № 5 г.Слоніма адбыўся літаратурны подыум “Мова наша напеўная, беларусы спеўныя!”. У Дзеравянчыцкай сельскай бібліятэцы гучалі вершы беларускіх паэтаў, якія прачыталі работнікі культуры і вяскоўцы.

Парадаваў прысутных Жыровіцкі цэнтр культуры, дзе адбылося свята роднай мовы “О, беларусь – мая шыпшына…”, якое арганізавала кіраўнік Слонімскай арганізацыі ТБМ Святлана Бушчык разам са школьнікамі і настаўнікамі мясцовай школы. Гасцямі мерапрыемства былі пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын, мастачка і спявачка Надзея Салейка, мясцовая паэтка Зінаіда Русак.

У гэты вечар у Жыровічах гучала беларуская паэзія, песні на роднай мове, розныя конкурсы і віктарыны.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён Фота аўтара