Online-фэст «Паўлінка на Купалле»
«Паўлінка на Купалле» пройдзе з 6 па 12 ліпеня 2020 года на online-пляцоўках Купалаўскага тэатра — афіцыйным сайце і на YouTube-канале тэатра. Асобны сюрпрыз для гасцей фестывалю — выступ легендарнага ансамбля «Песняры». Мерапрыемства прымеркавана да дня нараджэння беларускага песняра Янкі Купалы, які супадае са святам Купалля.
«Паўлінка на Купалле» — сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Online-фэст створаны ў рамках святкавання 100 сезона і 100-годзя першага драматычнага тэатра краіны. Галоўным сімвалам мерапрыемства стане легендарная Паўлінка. Вобраз гераіні з удзелам артыстак Купалаўскага тэатра Зоі Белахвосцік, Юліі Шпілеўскай, Кацярыны Алейнікавай і Марты Голубевай пройдзе праз усе тэматычныя блокі фестываля.
На асобнай старонке сайта і YouTube-канале тэатра будуць прадстаўлены эпізоды тэматычных блокаў, якія будуць даступныя для удзельнікаў па ўсім свеце. Сярод блокаў — «Прывітальны», «Папараць кветка», «Паўлінка», «Свята». У рамках гэтых блокаў можна будзе назіраць за экскурсіяй па тэатры, паслухаць выступ аркестра, віртуальна наведаць музей Янкі Купалы ў Вязынцы і ў Мінску, навучыцца плесці вянкі з нашымі Паўлінкамі і нават станчыць лявоніху з панам Быкоўскім.
Оnline-фэст будзе праходзіць з 6 ліпеня (з 20.00) да 12 ліпеня (да 21.00) 2020 года. Усе падрабязнасці можна знайсці на сайце тэатра kupalauski.by.
Праект рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Генеральны партнёр Купалаўскага тэатра — кампанія Mastercard, партнёр музея — кампанія «Белдзяржстрах».