Оперу «Дзікае паляванне караля Стаха» можна будзе паглядзець на «Белсаце» 16 верасня
Прэм’еру оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» Беларускага Свабоднага тэатра можна будзе паглядзець на «Белсаце» 16 верасня.
Учора, 15 верасня, на сцэне лонданскага «Barbican» адбылася прэм’ера оперы «Дзікае паляванне караля Стаха». Новая пастаноўка Беларускага Свабоднага тэатра створана па матывах аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. Спектакль ідзе на беларускай мове з англійскімі субцітрамі.
16 верасня там жа пройдуць два паказы з двума рознымі складамі актораў і адбудзецца трансляцыя оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» на тэлеканале «Белсат». Глядзець можна праз спадарожнік, а таксама на YT-канале «Белсат Life» і ў аплікацыі «Belsat Smart». Пачатак трансляцыі на «Белсаце» у 20.40.
«Дзікае паляванне караля Стаха» – сінтэз оперы, драматычнага тэатра, мультымедыя і жывой музыкі, пазначаны жанрам «гатычны нуар». У спектаклі прымаюць удзел артысты з Беларусі і Украіны.