Па слядах экспедыцыі Луізы Арнер Бойд



На Піншчыне працягваюцца пошукі артэфактаў, звязаных з экспедыцыяй чальца Амерыканскага геаграфічнага таварыства Луізы Арнер Бойд. Навуковы рэйд па Палессі адбыўся 80-гадоў таму і па яго выніках свет пабачылі два фотаальбомы ў Польшчы ды Злучаных Штатах Амерыкі.

Дакладна стала вядомае месца, дзе ў Пінску жыла навукоўца, а таксама колькасць дагэтуль неапублікаваных здымкаў Палесся 1934 года. Усе яны захоўваюцца ў ЗША ў гістарычным таварыстве. Пінскія краязнаўцы звярнуліся ў амбасаду ЗША, каб дыпламаты паспрыялі ў перадачы копій у Беларусь.

Краязнаўца Эдвард Злобін адзначыў, што амерыканская экспедыцыя была з Львова ў Вільню, але беларускае Палессе ўразіла Луізу Бойд:

– Выйшла некалькі альбомаў яе падарожжаў. У час экспедыцыі з Львова да Вільні яна была проста зачараваная Палессем. Пачынаючы з Дубровіцы яна зрабіла вялікую колькасць здымкаў. Асноўны фонд фотаматэрыялаў прысвечаны менавіта Палессю.

Чакаецца, што сёлета на Берасцейшчыне пачнецца рэалізацыя культурна-асветніцкага праекта, прысвечанага 80-годдзю экспедыцыі, па выніках якога павінны з’явіцца: турыстычны маршрут, дакументальная стужка ды выдадзены фотаальбом.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя