Пабачыла свет чарговая кніжка пра Гародню



У Гародні выйшла яшчэ адна кніга па гісторыі горада, гэтым разам – у кішэнным фармаце. Аўтар кніжкі – гісторык, які падпісваецца псеўданімам Андрэй Павач. Назва кнігі “Пад крылом Каложы”. Кніжка аказалася ў мастацкім плане ўдалай. Кажа Аляксандр Рыжы – галоўны рэдактар выдавецтва, дзякуючы якому кніжка пабачыла свет.

Атрымаў на электронную скрыню. Прачнуўся ў 4 гадзіны і да 9 гадзін з вялікім задавальненнем чытаў. Нягледзячы на тое, што пасля гэтага я яе і вярстаў, і карэктаваў, нават трохі рэдагаваў, для мяне гэта хіба найлепшая кніга па гісторыі Гародні. Мова вельмі лёгкая. Кніга з такім задавальненнем чытаецца. Нават калі я прачытаў яе разоў 50, усё роўна адкрываю яе і чытаю вечарамі.

Кніжка змяшчае ўсю гісторыю Гародні ад паўстання Барыса-глебскага храма да 1990 года, калі царква ізноў пачала функцыянаваць па прызначэнні. Андрэй Павач лічыць, што паміж лёсам царквы і ўсяго горада існуе нейкая містычная сувязь. Набыць кніжку ўжо можна ў гарадзенскіх кнігарнях.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара