Пабачыла свет кніга пра Яўсея Канчара
Лоеўскі краязнаўца Мікалай Анісавец напісаў кнігу пра аднаго са стваральнікаў беларускай дзяржаўнасці, свайго земляка, палітыка і навукоўца Яўсея Канчара.
У 1917 годзе гэты чалавек быў адным з арганізатараў Усебеларускага з’езду ў Менску. У выніку пасяджэнняў дэлегатаў была абраная Рада, якая адыграла вялікую ролю ў абвяшчэнні незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 года. Кніга выйшла дзякуючы ініцыятыве гомельскага грамадскага дзеяча Уладзіміра Кацоры:
– На жаль, пакуль мы не знайшлі больш-менш нармальнага фінансавання. Таму на свае складкі грамадскія выдалі першыя сто экзэмпляраў. Прэзентацыя пройдзе ў Грамадска-палітычным цэнтры з запрашэннем актыва. І тыя, хто прыйдуць, па нашай традыцыі атрымаюць адзін асобнік гэтай кніжкі. Калі мы знойдзем больш сталае фінансаванне, плануем, што ў рамках гомельскага гістарычнага альманаха выдадзім яшчэ раз гэтую кніжку.
Кніга “Архітэктар беларускай дзяржаўнасці” Мікалая Анісаўца будзе распаўсюджвацца ў электронным выглядзе праз сайт “Гомель грамадзянскі”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель